Перапіс для Левіяфана



У Беларусі праводзіцца кампанія па ўсеагульным перапісе насельніцтва. У адрозненне ад суседніх Расеі і Украіны, дзе ўлады пасля распаду СССР не знаходзілі сродкі для рэгулярных перапісаў, у Беларусі кожную дзесяцігодку ў дзверы грамадзянаў грукаюцца інтэрв’юеры. Аўтарытарная дзяржава заўжды лічыць прыярытэтам ведаць усё пра сваіх падданых, таму на адукацыі, медыцыне і культуры можна ашчадзіць, але не на кантролі за грамадствам, а перапіс – гэта акурат добрая магчымасць зазірнуць у хаты сваіх грамадзянаў.

Паважлівае стаўленне беларускай дзяржавы да правядзення перапісаў бярэ вытокі яшчэ з савецкіх часоў. Што праўда, у тыя часіны ўлады, атрымліваючы адказы рэспандэнтаў, думалі не столькі пра доўгатэрміновае планаванне, колькі пралічвалі рызыкі для існавання камуністычнага рэжыму. У 1937 годзе Ёсіф Сталін таксама вельмі ўважліва прааналізаваў вынікі ўсеагульнага перапісу, у якім выявілася, што краіна не далічылася да 8 мільёнаў савецкіх грамадзян, што загінулі падчас чэкісцкіх чыстак і Галадамору пачатку 1930-х гадоў. Але самае крыўднае для тырана было тое, што, нягледзячы на калектывізацыю і палітыку дзяржаўнага атэізму, упартыя савецкія сяляне працягвалі заставацца ў асноўнай масе хрысціянскімі вернікамі. Вынікам таго перапісу стаў Вялікі тэрор 1937-1938 гг, мэтай якога было зламаць хрыбет сялянству і нацыянальным рухам СССР. Не думаем, што ў цяперашніх беларускіх уладаў такія злачынныя мэты. Але, чытаючы ўважліва некаторыя пытанні перапісу, на душы становіцца неяк трывожна.

У публічных дыскусіях, датычных перапісу 2019 года, у асноўным акцэнтуецца ўвага на пытаннях, звязаных з ідэнтычнасцю. На некалькіх старонках анкеты гэтай групе пытанняў адводзіцца ўсяго тры пункты: нацыянальнасць, родная мова і мова хатняга ўжытку. Прадстаўнікі незалежнага грамадства цалкам прагназавана і справядліва распачалі шэраг грамадзянскіх кампаній, у якіх заклікаюць беларусаў пазначаць у якасці роднай мовы і мовы камунікацыі менавіта беларускую. Аргументацыя ініцыятараў такіх кампаній досыць відавочная: калі ў новым перапісе будзе зафіксавана тэндэнцыя на зніжэнне агульнай колькасці беларускамоўных грамадзянаў, то нам будзе цяжка разлічваць на сустрэчныя крокі дзяржавы ў плане адкрыцця беларускамоўных садкоў і школаў. Сёй-той зазначае, што вынікі перапісу – гэта таксама нацыянальная бяспека, паколькі існуе прамая залежнасць паміж колькасцю людзей, для якіх роднай мовай з’яўляецца расейская, і прыходам да іх «зялёных чалавечкаў-вызваліцеляў».

Прааналізаваўшы, аднак, уважліва змест анкеты, выкладзенай на сайце Белстата, можна зрабіць выснову, што моўнае пытанне – для адводу вачэй, а насамрэч беларускую дзяржаву цікавіць больш, адкуль у грамадзянаў прыбыткі. Для высвятлення акалічнасцяў і крыніцаў дабрабыту рэспандэнтаў адведзена ажно дзве старонкі, дзе сфармулявана мноства ўдакладняючых пытанняў. Яшчэ нашага Левіяфана традыцыйна цікавіць праблема патэнцыйнай працоўнай міграцыі і ўвогуле планы на ад’езд з моцнай і квітнеючай. Пытанні складзеныя такім чынам, што даць адказы на іх, ухіляючыся ад прамых звестак, немагчыма. Так што, пасля падсумавання вынікаў перапісу можна прагназаваць новыя заканадаўчыя сюрпрызы для вымантачвання грошай з беларускага насельніцтва, а то працоўныя рэсурсы сканчаюцца, і ўвогуле «дзірка» ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Галоўны кур’ёз перапісу – на аркушах анкеты зверху напісана, што «канфідэнцыяльнасць інфармацыі гарантуецца атрымальнікам». Захоўванне таямніцы прыватнай інфармацыі атрымальнікам, можа, і гарантуецца, але не дзяржавай, якая можа выкарыстаць інфармацыю для любых мэтаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ