Новы сезон сустрэчаў для тых, хто любіць Віцебск



У Віцебску распачаўся новы сезон “Добрых нагодаў” – праекту, які амаль тры гады таму ініцыявала сацыяльна-культурніцкая ўстанова “Vitebsk4me” (“Віцебск для мяне”). “Добрая нагода” – гэта сустрэчы неабыякавых гараджанаў, якія асабіста або разам з суполкай аднадумцаў хочуць зладзіць нешта цікавае і карыснае для гораду і гараджанаў.

Аўтар ідэі прэзентуе яе прысутным – прадстаўнікам розных грамадскіх арганізацый, сярод якіх можна знайсці і партнёраў па яе рэалізацыі, – тлумачыць каардынатарка “Vitebsk4me” Вікторыя Фаміна:

– Такі вось, як мы называем, пітчынг – у кожнага ёсць 15-20 хвілін на тое, каб распавесці пра сваё мерапрыемства або ініцыятыву. І людзі знаходзяць адно аднаго: хтосьці гатовы дапамагчы, і атрымліваецца такая лакальная супраца. А нехта з прысутных ужо потым далучаецца да гэтай падзеі як глядач.

Найчасцей супольнымі намаганнямі рыхтуюцца культурніцкія падзеі, накшталт гарадскога фэсту “Картонка”, ці кірмашы або забаўляльныя імпрэзы для жыхароў гораду. Але на першай восеньскай “Добрай нагодзе” размова зайшла і пра палітычныя падзеі: старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў запрасіў гарадскіх актывістаў далучыцца да назірання падчас парламенцкіх выбараў.

Што да далейшых сустрэч, то было вырашана праводзіць іх у крыху іншым фармаце, накшталт “мазгавога штурму”. Гэта значыць, прэзентуючы нейкую ідэю, яе аўтар можа разлічваць на дапамогу ў яе распрацоўцы з боку ўсіх прысутных. Гэта пашырыць магчымасці для рэалізацыі задуманага, лічаць арганізатары “Добрых нагодаў”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск