Гародня: “Малы свет” – выстава Сяргея Саковіча



Выстава гарадзенскага фатографа і біёлага Сяргея Саковіча адкрылася ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні.

На паўсотні здымках аўтар паказаў розных прадстаўнікоў таемнага свету, які мы звычайна не заўважаем – павукоў, матылёў, паўзуноў.

Пра выставу распавядае прадстаўнік Цэнтра гарадскога жыцця Сяргей Герман:

– Выставу Сяргея Саковіча трэба было праводзіць хаця б таму, што вось мы ўсе круцімся ў мастацтве, забываючыся пра іншыя віды мастацтва, забываючыся пра навакольны свет. Мы яго часта не заўважаем, але вакол нас ён круціцца, ён жыве сваім жыццём. Гэта нешта свежае, гэта подых лета ў гэтую восень і зіму.

На думку Сяргея Саковіча, працы, прадастаўленыя на выставе, сталі падсумаваннем яго дзейнасці за апошнія 5 год.

– Мае працы ствараліся на працягу апошніх 4-5 гадоў. То бок гэтая выстава – такое падсумаванне ранейшых зробленых прац, найлепшыя працы. Пры гэтым важна было тое, каб паказаць менавіта макрасвет, маленькі свет менавіта Гарадзеншчыны. То бок тых маленькіх істот, якія існуюць вакол нас. Маленькі свет – у мяне гэта такое шырокае паняцце. Тут мы можам пабачыць і насякомых, і павукоў, і таксама невялікіх амфібій і паўзуноў.

Пабачыць цікавы свет на працах Сяргея Саковіча магчыма будзе ў Гародні да 20 кастрычніка 2019 году.

Беларускае Радыё Рацыя