На фестывалі «Кірунак Усход» – спектаклі з Літвы і Беларусі



Наперадзе яшчэ – Літва і Беларусь. У Беластоку працягваецца тэатральны фестываль «Кірунак Усход», які дае магчымасць мясцовым гледачам пазнаёміцца з усходняй тэатральнай культурай.

Сёння (05.10) у рамках фестывалю – спектакль «Вяселле» тытулаванага літоўскага рэжысёра Оскара Карсунаваса паводле п’есы Бертальда Брэхта. Сусветная класіка, але вельмі сучасная, кажа пра літоўскі спектакль дырэктар беластоцкага драматычнага тэатра, які арганізуе фестываль, Пётр Палторак:

– Класічны тэкст – але сучасная форма, сучасны тэатр выбітнага літоўскага рэжысёра Оскара Карсунаваса. Што адносна Беларусі. Я адмыслова ездзіў у Менск, каб пабачыць гэты спектакль. Былі прапановы запрасіць некалькі іншых спектакляў, але я сказаў, што застаецца гэты – „Бетон” тэатра беларускай драматургіі з Менску. Выдатны спектакль. Тэатр формы, тэатр руху. Таму сардэчна запрашаю на спектаклі.

Заўтра (06.10) – нас чакае сустрэча з акцёрамі рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з Менска. На сцэне беластоцкага тэатра пабачым спектакль «Бетон» Яўгена Карняга. Рэжысёр акрэсліў жанр, як «візуальная паэзія». І менавіта беларускім акцэнтам завершыцца трэці фестываль тэатральнага мастацтва «Кірунак Усход», які ўжо тыдзень праходзіць у сталіцы Падляшша.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя