15-е месца – камандны вынік беларусаў на ЧС у Досе



Беларуская лёгкаатлетычная каманда засталася без медалёў чэмпіянату свету, які завяршыўся ў Досе. Аднак у каманднай класіфікацыі яна размясцілася на досыць высокай 15-й пазіцыі.

На рахунку беларусаў 25 ачкоў. Чацвёртае месца заняў Максім Недасекаў у скачках у вышыню. Два пятыя месцы на рахунку Вольгі Мазуронак (марафон) і Анастасіі Мірончык-Івановай (скачкі ў вышыню). На шостым радку выніковага пратаколу завяршылі сусветны чэмпіянат Карына Дзямідзік (скачкі ў вышыню), Алёна Дубіцкая (штурханне ядра), Таццяна Халадовіч (кіданне дзіды). Сёмае месца ў Ірыны Жук (скачкі з шостам). Восьмую пазіцыю заняў Глеб Дудараў у кіданні молата. Тройку наймацнейшых дружын  склалі каманды ЗША, Кеніі і Ямайкі.

Шкурын працягвае забіваць за «Энергетык»

Матчамі „Іслач”  – „Дынама” (Менск), „Энергетык-БДУ” – „Віцебск” і „Гомель” – „Дняпро” (Магілёў) завяршыўся 24-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. „Дынама”, якое выступіла ў ролі гасцей, згуляла ўнічыю з „Іслаччу” – 1:1. На гол Ягора Зубовіча „ваўкі” адказалі дакладным ударам Аляксандра Макася. У матчы „Энергетыка-БДУ”  і „Віцебска” мацней апынуліся „студэнты” – 2:0. Адкрыў лік Ілля Шкурын, які забіў 14-ы мяч па ходзе сезона. У другім тайме Дзмітрый Гірс падвоіў перавагу „Энергетыка”. „Гомель”, прымаючы „Дняпро”, не выкарыстаў шанец набраць тры ачкі на вачах хатняй публікі, задавальняючыся нічыёй – 0:0.

ЦСКА Ганчарэнкі прайграў «Растову» і страціў лідарства ў чэмпіянаце

Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі саступілі на сваім полі „Растову” Валерыя Карпіна і адкаціліся на 5-е месца ў турнірнай табліцы Расейскай Прэм’ер-Лігі. Адзіны мяч у браму гасцявой каманды забіў Нікола Влашыч з пенальці. У складзе растаўчан вызначыліся Эльдор Шамуродаў і адзначыўся дублем Карэн Байрамян. „Лакаматыў”, „Растоў”, „Краснадар” і „Зеніт”, набраўшы 26 ачкоў, дзеляць у турнірнай табліцы месцы з 1-га па 4-е. ЦСКА з 25-ю пунктамі займае 5-е месца.

У чэмпіянаце Англіі  „Арсенал” і „Чэлсі” перамаглі ў матчах 8-га тура. «Арсенал», дзякубчы голу Давіда Луіза, абыграў „Борнмут” – 1:0, а «Чэлсі» разграміў у гасцях «Саўтгемптан» –  4:1. «Манчэстэр Юнайтэд» у гасцях саступіў «Ньюкаслу» 0:1.   У чэмпіянаце Іспаніі „Барселона” на Камп Ноу ” знішчыла” „Севілью” ў матчы 8-га тура – 4:0. У каталонцаў мячы забілі Луіс Суарэс, Артура Відаль, Усман Дэмбеле і Ліянэль Месі, для якога гол стаў першым у сезоне. «Барселона» з 16 ачкамі ідзе другой у турнірнай табліцы, адстаючы ад „Рэала” на два балы, у „Севільі” 13 ачкоў і шостая пазіцыя. „Ювентус” на выездзе адолеў „Інтэр” у цэнтральным матчы 7-га тура чэмпіянату Італіі – 2:1. У „бьянканэры” мячы забілі Пауло Дзібала і Гансала Ігуаін, у складзе „нерадзуры” адзначыўся Лаутары Марцінэс. „Ювентус” з 19 ачкамі лідзіруе ў турнірнай табліцы, у „Інтэра” 18 балаў і другое месца.

“Зубры” прайгралі «Ак Барсу» у апошнім матчы хатняй серыі

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ў трэцім матчы хатняй серыі чэмпіянату КХЛ казанскаму „Ак Барсу”. На 22-й хвіліне супрацьстаяння з цэнтра пляцоўкі брамку менчукоў прабіў форвард „Ак Барса” Даніс Зарыпаў. Яго падтрымаў партнёр па камандзе нападнік Эміль Галімаў. Форвард „Дынама” Франсіс Парэ скараціў адставанне. У трэцім перыядзе нападнікі „Ак Барса” Арцём Галімаў і Станіслаў Галіеў павялічылі перавагу да 4:1. Незадоўга да фінальнай сірэны „зубры” паспрабавалі адыграцца, і нападнік „дынамаўцаў” Цеему Пулкінен усталяваў канчатковы лік  2:4. Наступны матч менчукі правядуць у гасцях у рыжскага „Дынама” 9 кастрычніка.

“Мінчанкі” сталі трэцімі на турніры ва Уроцлаве

Валейбалісткі „Мінчанкі” заваявалі бронзавыя медалі міжнароднага турніру ва Уроцлаве, прысвечанага памяці двухразовай чэмпіёнкі Еўропы Агаты Мруз-Альшэўскай. Беларускі, якім праз тыдзень трэба стартаваць у расейскай суперлізе, саступілі ў стартавым матчы гаспадарам турніру камандзе „ВолейВроцлаў” – 0:3. У спрэчцы за бронзавыя медалі шматразовыя чэмпіёнкі Беларусі не пакінулі шанцаў грэцкаму „Арысу”  3:1. Галоўны прыз дастаўся гаспадыням спаборніцтваў, дружыне „ВоллейВроцлаў”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя