Алесь Лагвінец: Лукашэнка напярэдадні выбараў будзе больш уразлівы
Беларусь паміж Усходам і Захадам. Супрацоўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага звяза дасць магчымасць пазбегнуць новых раздзяляльных межаў у Еўропе. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў на форуме „Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані”. Такія заявы гучаць на фоне дыскусій пра больш цесную інтэграцыю, дзе дамінантам будзе Расея.
Але падрабязнасцяў гэтых працэсаў ніхто не тлумачыць, кажа палітолаг Алесь Лагвінец. Ён нагадвае, што кіраўнікі Беларусі і Расеі неўзабаве падпішуць дакументы, пра якія мы амаль нічога не ведаем.
– Ці будзе дамова прынятая, ці не? Калі Расея выканае тое, што яна запланавала, задэкляравала, дык улады Беларусі згубяць вялікія грошы. Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі так ці інакш Лукашэнка захоча зрабіць, каб эканамічная сітуацыя ў Беларусі не пагаршалася. Калі ён не дамовіцца з Расеяй, дык ягоныя магчымасці будуць нашмат меншыя.
Тэма «паглыблення інтэграцыі» пачалася з перамоваў пра кампенсацыю «падатковага манеўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампенсацыі «падатковага манеўру», бюджэт разлічылі без яе. Беларускія і расейскія ўлады распрацоўваюць пагадненні аб інтэграцыі, якія Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маюць падпісаць 8 снежня. Але самі дакументы не публікуюць і падрабязнасцей не раскрываюць.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя