У Беластоку абмяркоўвалі беларуска-польскія стасункі (абноўлена)



Беларуска-польскія стасункі, справы польскай меншасці ў Беларусі, роля СМІ Польшчы і Беларусі ў фармаванні вобраза суседа, значэнне „карты паляка” ды іншыя тэмы абмеркавалі ў будынку Падляшскага ваяводства падчас дэбатаў пад назвай «Польская брама на Усход – усходняя палітыка, справы консульскія і паланійныя».

Удзельнік дэбатаў прафесар Яўген Мірановіч, каментуючы гістарычныя сувязі Польшчы і Беларусі ды вялікі ўплыў на беларускую гаспадарку з боку Расеі, адзначыў, што ніхто на Захадзе не выказаў зацікаўленасць у Беларусі пасля развалу Савецкага Саюза:

– Калі развальваўся Савецкі Саюз уся гаспадарка спынілася. Галоўным пытаннем стала: Усход ці Захад? Дзе шукаць дапамогі? На Усходзе балаган быў паўсюдны. Таму былі спробы шукаць дапамогі ў Нямеччыне. Шушкевіч паехаў і вярнуўся з нічым. Кебіч паставіў на Польшчу. Але аказалася, што Польшча не мела ніякай рэальнай магчымасці дапамагчы. Сама была бедным, разваленым краем. Ніхто на Захадзе не быў зацікаўлены падтрымкай. Але калі ў Расеі памянялася палітычнае кіраўніцтва, то у Крамлі проста не захацелі губляць Беларусь са сваёй зоны уплываў.

У сваю чаргу адна з актыўных удзельніц дэбатаў – дырэктар тэлеканалу „Белсат”  Агнешка Рымашэўска-Гузы адзначыла, што стасункі з Беларуссю палякам трэба разглядаць у трох найважнейшых аспектах:

– У беларуска-польскіх стасунках, на маю думку, маем тры аспекты. Першы – стасункі міждзяржаўныя. Існуе згодна міжнароднага права Рэспубліка Беларусь, з якой Польшча, як дзяржава, мусіць мець адпаведныя адносіны. Другое – гэта стасунікі паміж грамадствамі, з актыўнымі элітамі. Бо калі краіна не мае дэмакратычнага кіравання, то варта падтрымліваць адносіны непасрэдна з грамадствам. І трэці элемент – беларуска-польскія адносіны з улікам вялікай польскай меншасці ў Беларусі.

Эканамічным стасункам краін увогуле была нададзена бадай асноўная ўвага. З прамовай выступіў падсакратар у справах усходняй палітыкі і эканамічнай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач:

– Калі ідзе пра адносіны з кіраўніцтвам у Менску, то мы лічым, што лепш весці дыялог, чым яго не весці. Лепш казаць пра свае спадзяванні, чым закрывацца. Эканоміка – гэта чыннік, які я лічу прынцыпова можа паўплываць на ўнутрыбеларускую сітуацыю. Мы канешне хочам заахвоціць беларускі бок да рэформаў у духу нашага поспеху. 

Эканаміст, эксперт у палітыцы Усходняй Еўропы Януш Вдзенчак у сваю чаргу адзначыў, што ў польскіх і еўрапейскіх палітыкаў няма плану, як дапамагчы Беларусі, калі тая звернецца па дапамогу, жадаючы захаваць незалежнасць ад Расеі:

– Зараз магчымасць таго, што прэзідэнт Лукашэнка абярэ эканамічную інтэграцыю з Польшчай ці Еўрапейскім Звязам мінімальныя. Праблемай з’яўляецца тое, што нават калі б Лукашэнка ці яго супрацоўнікі ўзважаць гэты аспект, то наша рука ў гэтым моманце пустая. Ні Польшча, ні Еўразвяз не маюць „Плану Маршала” для Беларусі.

Польскі журналіст, пісьменнік, аўтар кнігі „Праз дзікі ўсход” (Przez dziki Wschód) Томаш Гжывачэўскі вярнуўся з падарожжа па Беларусі. Там ён шукаў матэрыялы для сваёй новай кнігі, у якой збіраецца распавесці пра даўнюю мяжу другой Рэчы Паспалітай. Яго падарожжа прайшло з паўднёвага Палесся і Давыд-Гарадка праз Салігорск і Менск, да паўночнай Віцебшчыны: Глыбокага і Браслава. Размаўляючы з жыхарамі Беларусі, якія памятаюць даваенныя часы, ён зрабіў наступныя высновы:

– У гэтай заходняй частцы яшчэ памятаюць, як было, калі не было саветаў.  Памятаюць Рэч Паспалітую, памятаюць Польшчу. Памятаюць, што ў гэтай Польшчы таксама было па-рознаму, бо палякі маглі дрэнна ставіцца да беларусаў. Нягледзячы на гэта была прыватная ўласнасць, не было тэрору, які быў у саветах. Па савецкім баку гэтай памяці ўжо няма, бо там у 20-30 гады быў Савецкі Саюз, не памятаюць часоў, калі была свабода слова, няма памяці пра свабоду. Мне здаецца, што толькі жыхары Заходняй Беларусі больш станоўча ставяцца да палякаў і свабоды.

Раней Томаш Гжывачэўскі таксама наведаў Чарнобыльскую зону ў Беларусі. Рыхтуючы матэрыял для часопіса „Foreign Policy”, ён размаўляў з асобамі, якіх непасрэдна закранула катастрофа на ЧАЭС: ліквідатарамі, людзьмі, якія засталіся жыць у забруджанай зоне і дзецьмі, якія маюць генетычныя хваробы, што з’яўляецца наступствам выбуху 1986 года. Па словах журналіста, ён пачуў ад мясцовых, што новая АЭС у Астраўцы, выклікае ў людзей страх, у тым ліку з-за таго, што будуецца па расейскіх, а не еўрапейскіх стандартах.

Старшыня непрызнаванага „Саюза палякаў на Беларусі” Анжаліка Борыс у кулуарах дэбатаў выказала спадзяванне, што сітуацыя з двума настаўнікам грамадскай польскай школы імя караля Стэфана Баторыя ў Гародні, якім не працягнулі дазвол заставацца ў Беларусі, не паўторыцца. Пры гэтым, у Саюзе палякаў асцерагаюцца новай хвалі ціску на нацыянальную меншасць:

– Нядаўна, ратыфікуючы паразуменне пра супрацу ў галіне адукацыі, зусім нядаўна на моцы гэтага паразумення гэтыя настаўнікі былі на тэрыторыі Беларусі, таму гэта дэ-факта падважэнне гэтай дамовы пра супрацу, якая была падпісаная паміж урадам Польшчы і ўрадам Беларусі. Сітуацыя не мела падстаў праўных, гэта быў вельмі непрыхільны рух у кірунку польскай меншасці і Польшчы.

Як адзначыла Анжаліка Борыс, настаўнікаў удалося вярнуць у Беларусь па дыпламатычных каналах. Раней мясцовыя ўлады забаранілі выкладаць настаўнікам з Польшчы ў абедзвюх дзяржаўных школах з польскай мовай навучання ў Гародні і Ваўкавыску.

Сярод іншых тэмаў, якія абмеркавалі таксама на дэбатах: як палепшыць палітычныя, эканамічныя і гандлёвыя стасункі Польшчы і Беларусі, справы польскай меньшасці, карта паляка, роля СМІ у фармаванні вобраза суседа ды гістарычныя сувязі абедзвюх краін.

За дэбатамі назіралі прадстаўнікі польскага Міністэрства замежных спраў, консульства Беларусі ў Беластоку. Мадэратарам дэбатаў выступіла журналістка, вядоўца праграмы „Студыя Усход” на польскім тэлебачанні Марыя Пшэломец.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя