Рыгор Кастусёў: Сцэнар не змяняецца…



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прааналізваў першы этап выбараў у Палату прадстаўнікоў.

7 кастрычніка завяршылася вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З 8 па 17 кастрычніка акруговыя камісіі будуць праводзіць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, пасля чаго кандыдаты ў дэпутаты змогуць прыступіць да агітацыі выбаршчыкаў.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

Рыгор Кастусёў: Па першых выніках выбарчай кампаніі (а гэта найперш фарміраванне акруговых камісій) мы ўбачылі, што сцэнар правядзення выбараў улады пакінулі такім жа, якім ён быў і раней. І нават стаў яшчэ больш жорсткім, чым, напрыклад, у 2016 годзе!

Нашай партыя была распрацавана сістэмная праца па ўдзелу ў кампаніі: паступовае вылучэнне ў тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя камісіі, вылучэнне кандыдатаў. І тут карціна сумная. Паказчыкі ўключэння нашых прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі ў разы горшыя, чым было падчас папярэдніх кампаній.

РР: На ваш погляд, чаму так адбываецца?

Рыгор Кастусёў: Гэта сведчыць пра тое, што ўлада працуе згодна з тымі параметрамі, якія ім ідуць з самага верху. Мяркую, што спіс будучых дэпутатаў складаецца (альбо ўжо складзены) ў тых жа кабінетах.

Таму мы будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі не таму, што верым у празрыстасць выбараў, а каб зладзіць назіранне ў межах кампаніі “Права выбара”. Будзем паказваць беларускаму грамадству і міжнароднай супольнасці тыя парушэнні заканадаўства, якія ўбачым падчас правядзення выбараў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя