Адзіны праваслаўны кандыдат у акрузе №19
Нарадзінец Беластока Аляксандр Васілюк адзіны праваслаўны кандыдат у акрузе №19 Варшава і замежжа. У выбарах балатуецца ад камітэта „Грамадзянскай кааліцыі”, але называе сябе незалежным кандыдатам.
Ён з’яўляецца грамадскім актывістам, звязаны галоўным чынам з праваслаўным асяроддзем, з’яўляецца стваральнікам і былым шматгадовым галоўным рэдактарам парталу cerkiew.pl.
Сваю будучыню магчымы дэпутат звязвае не толькі з дзейнасцю на карысць праваслаўя, але перадусім хоча засяродзіцца на працы з моладдзю:
– Мая дзейнасць не абмяжоўваецца асяроддзем праваслаўных ці нацыянальнай меншасці. Яна дакладна будзе скіравана на сацыяльную дапамогу, на ахова асяроддзя. Важнай, а можа быць найважнейшай будзе праца з моладдзю. Жывем у такія часы, калі адбываюцца маршы ў Гайнаўцы, калі людзей з іншымі поглядамі закідваюць камянямі. Першай рэччу, якую мы павінны зрабіць, гэта паклапаціцца пра адукацыю, свядомасць моладзі. З гэтага ўсё нараджаецца, з-за адсутнасці свядомасці, эмпатыі.
Аляксандр Васілюк №33 у спісе „Грамадзянскай кааліцыі”. Апрача жыхароў Варшавы за яго таксама змогуць прагаласаваць грамадзяне Польшчы, якія жывуць за мяжой.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя