Улады спужаліся журналіста-фрылансера Тамару Шчапёткіну



У чарговы раз бярозаўскія ўлады спужаліся журналіста-фрылансера Тамару Шчапёткіну, якая хацела трапіць ва ўчастковую камісію №55 Пружанскай выбарчай акругі №9, каб знутры засведчыць, што выбары праводзяцца без махінацый. Але толькі ўчастковая камісія №55, куды намагалася трапіць Шчапёткіна, аказалася перапоўненай.

І, канешне, у ёй месца для Шчапёткінай не знайшлося па прычыне адсутнасці досведу і супрацоўніцтва з замежным Радыё Рацыя. Такія дзеянні ўлады аспрэчыла ў Бярозаўскім судзе рада Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, якая накіроўвала яе ў камісію.

Суддзя Наталля Вакульчык і супрацоўніца Бярозаўскай пракуратуры задаволіліся паясненнямі юрыста райвыканкама Глеба Лаўрыновіча і падтрымалі рашэнне Бярозаўскага райвыканкама. Групу падтрымкі журналісткі такое рашэнне суда не здзівіла, кажа Андрэй Леваневіч:

– Тамару Шчапёткіну не ўключылі таму, што яна вельмі нязручная для цяперашняй улады. Ім будзе няўтульна, калі яна будзе ў камісіі. Яна можа ўсё гэта запісаць і пасля вынесці ў людзі.

Тамара Шчапёткіна лічыць, што яе неўключэннем улады перасцерагліся. Менавіта на выбарчым участку №55 найбольш шаткія пазіцыі. Там найбольш выбаршчыкаў былога сыркамбіната, які зараз прыватызаваны з паралельным скарачэннем работнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя