Віталь Вановіч: Мы страцілі надзею на дарогу



Жыхары гарадзенскага мікрараёна Ласосна-4 страцілі ўсялякую надзею на тое, што дарога, якая звязвае іх мікрараён з горадам, будзе прыведзена ў належны стан.

Пра змаганне за дарогу распавядае адзін з жыхароў Віталь Вановіч:

– Абяцанне  пабудаваць дарогу абяцалі з таго моманту, як пабудавалі гэты раён. Шмат разоў звярталіся да ўладаў горада, да абласных уладаў. Апошняе сур’ёзнае абяцанне было летам ці восенню мінулага года, што зробяць нармальную дарогу, ходнікі, асвятленне.

Віталь Вановіч заўважае, што ўвосень дарога выглядае зусім жудасна і ёй амаль ніхто не займаецца:

– Ніякага будаўніцтва няма. Адзінае, перыядычна праязджае грэйдар, калі ўжо дарога ў кепскім стане. Мы звонім у дарожную службу і праз некаторы час грэйдар прыходзіць, раўняе дарогу. і некаторы час яна ў задавальняючым стане, пакуль не пройдзе дождж. Пару дзён таму прайшоў гэйдар, але зараз пальюць дажджы, і ізноў будзе тая сітуацыя, што і была.

Жыхары мікрараёна плануюць далей звяртацца ў незалежныя СМІ, бо ўлады нічога не робяць і, па-словах жыхароў, “кормяць толькі абяцаннямі”. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча