Пішыце лісты, рыхтуйце петыцыі…
Спалучэнне інвестыцыйнага клімату з кліматам пэўнага места дае падчас на выхадзе дзіўную сумесь пахаў і адчуванняў. І гэта не CHANEL №5.
У прыватнасці, у многіх жыхароў горада Смаргонь з’явілася моцнае адчуванне, што іх падманулі ў лепшых пачуццях. Стварыць новыя працоўныя месцы і запрасіць інвестара з вялікімі грашыма – справа добрая і, вядома, няпростая! Але ў працэсе выявілася шмат пабочных эфектаў. Жыхароў горада пачалі моцна турбаваць непрыемныя пахі рознага характару. Спачатку стрэсы і страхі былі звязаныя з прадпрыемствам “Кранаспан”, што спецыялізуецца на вытворчасці драўляна-стружкавых плітаў і ламінату, а пазней з’явілася іншая прычына. Прыйшоў яшчэ адзін інвестар, а разам з ім непрыемных пахаў у горадзе паболела.
Гісторыя з серыі “Усе усё разумеюць”, але маўчаць. Або ціха на кухнях перамаўляюцца. А раптам падалося? Смурод у горадзе? Праўда? Спадарства, вам, часам, не падаецца? Хтосьці прыцерпіцца, хтосьці з’едзе, а хтосьці створыць тэматычную петыцыю ў сеціве
petitions.by: “…па нашых назiраннях, з вытворчасці, верагодна, ААТ “Белагратэрмінал” па Смаргоні распаўсюджваецца непрыемны, брыдкі пах. Пры адпаведным накірунку ветру ён пакрывае не толькі раён вуліц Трактарная, Багушэвіча, Савецкая, але распаўсюджваецца ў цэнтры горада, мікрараёне “Усходні”, на вуліцы Камінскага…” То бок пра смурод у Смаргоні ведаюць многія жыхары і госці горада. Петыцыю стварыў адзін чалавек. Падпісаліся, пачынаючы з 3 кастрычніка, 45 (!) чалавек. Па стане на 8 кастрычніка. Часу засталося сем дзён.
Падпісанты шмат не просяць. Устанавіць паходжанне дрэннага паху. На старонках раённай газеты “Светлы шлях” даць насельніцтву адпаведныя тлумачэнні. Прыняць захады па спыненню дадзеных выкідаў вытворчасці або іх ачыстцы. Зачыніць прадпрыемства як крыніцу смуроду пакуль не просяць. Гэта не Берасце, шаноўныя: галубоў малавата! Гэта невялічкі горад на захадзе Беларусі з вялікім, як выявілася ў працэсе, інвестэцыйным патэнцыялам.