За паўгады здзейснена больш за тысячу фінансавых злачынстваў



У першым паўгоддзі 2019 года на аб’ектах банкаўскай сістэмы Беларусі, у нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых і мікрафінансавых арганізацыях здзейснена 1.007 злачынстваў па дзевятнаццаці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведаміў Нацыянальны банк у сваім лісце банкаўскім установам.

Паводле дадзеных рэгулятара, найбольшая колькасць злачынстваў (39,5%) здзейснена ў Менску.

Аналіз зарэгістраваных злачынстваў паказаў, што больш за 54% злачынстваў у фінансавай сферы звязаны з крадзяжамі шляхам выкарыстання кампʼютарнай тэхнікі.

Яшчэ амаль 300 злачынстваў (29,2%) былі звязаны з вырабам, захоўваннем альбо збытам падробленых грошай, а таксама каштоўных папер. Акрамя таго, зафіксавана 48 фактаў ашуканскіх дзеянняў, 36 крадзяжоў.

Пры гэтым банкаўскія работнікі ў першым паўгоддзі да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся. Злачынстваў карупцыйнага характару зафіксавана не было.

Варта адзначыць, што ў 2018 годзе ў банкаўскай сферы было выяўлена 20 фактаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці работнікаў за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў. Пры гэтым дзевяць фактаў прыцягнення банкаўскіх работнікаў да крымінальнай адказнасці былі звязаны з атрыманнем хабару, пяць фактаў – з дачай хабару.

Акрамя таго, па чатырох фактах карупцыйных злачынстваў у банкаўскай сферы былі распачаты справы па артыкуле 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), па двух фактах крымінальныя справы былі распачаты па артыкуле 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

Паводле інфармацыі БелаПАН, у 2018 годзе шматлікія беларускія банкі па рэкамендацыі Нацбанка прынялі прэвентыўныя антыкарупцыйныя меры.

Напрыклад, назіральны савет Банка развіцця зацвердзіў палітыку інфармавання кіраўніцтва аб парушэннях у фінансавай арганізацыі «з мэтай павышэння якасці карпаратыўнага кіравання». Дакумент вызначае асноўныя задачы і прынцыпы па недапушчэнні ўцягвання банка і яго работнікаў у незаконную і супрацьпраўную дзейнасць. У Банку развіцця запрацавала лінія даверу, і любы работнік, а таксама кліент, контрагент «або іншая асоба, якая сутыкнулася з незаконнымі альбо неэтычнымі дзеяннямі ў дзейнасці Банка развіцця», зможа паведаміць пра гэта ўпаўнаважаным асобам.

Аналагічную службу даверу ўкараніў у 2018 годзе і найбуйнейшы камерцыйны банк краіны – «Беларусбанк». Ён прапанаваў асобам, якім стала вядома аб правапарушэннях, паведамляць гэтую інфармацыю па электроннай пошце службовай асобе, адказнай за ўнутраны кантроль, а таксама прадстаўніку назіральнага савета.

Варта адзначыць, што ў 2017–2018 гадах адбылося некалькі гучных судовых пасяджэнняў, па выніках якіх работнікі «Беларусбанка» і Нацбанка былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў.

БелаПАН