Выстава, дзе паказаны хрысціянін Мухамед Лі



У Менску ў галерэі «Ў» адкрылася выстава мастачкі Аліны Блюміс «Узоры класіфікацыі: Крысціян, Мухамед, Лі». Праз 26 гадоў жыцця ў Злучаных Штатах мастачка беларускага паходжання ўпершыню мае персанальную выставу ў Беларусі. Асноўная ідэя першай часткі выставы – паказаць самага тыповага чалавека паводле найбольш ужываных формаў.

Кажа Аліна Блюміс (на фота  – другая злева):

– Вырашыла даведацца, хто будзе самы тыповы чалавек. Аказалася, што гэта мужчына 28 год, хрысціянін па імі Мухамед і прозвішчу Лі. І як я прыйшла да гэтай формулы? Самы распаўсюджаны дзень народзінаў – гэта 9 верасня, значыць, ён нарадзіўся 9 верасня. Мужчын больш, чым жанчын, хрысціянаў больш, чым іншых рэлігіяў, Мухамед – гэта самае распаўсюджанае імя, Лі – самая распаўсюджанае прозвішча. І далей ідзе чатырнаццаць паэм, што мы любім, як мы жывем, як мы бавім час і гэтак далей.

Яшчэ адна частка выставы называецца «Аматарскія назіранні на пашпартным кантролі», яна складаецца з чатырох найбольш ужываных элементаў на вокладках пашпартоў 195 краінаў свету. А трэцяя частка выставы называецца «Маё савецкае дзяцінства» і дэманструе калекцыю паштовак з вядомымі савецкімі кінаакцёрамі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск