Актывісты Берасця дабіліся будаўніцтва дзіцячага гарадка



Берасцейскія грамадскія актывісты дамагліся будаўніцтва дзіцячага гарадка ў мікрараёне Усход. Адказ ад гарадскіх уладаў пра з’яўленне такога аб’екту атрымалі прадстаўнікі кампаніі ’’Гавары Праўду!’’. Актывісты накіроўвалі зварот, пад якім пакінулі свае подпісы больш за тысячу грамадзян, – расказвае адна з ініцыятараў звароту Ганна Канюс:

– Гэта нас абнадзейвае, хоць нам хацелася б ведаць канкрэтныя тэрміны выканання работ. Практыка паказвае, што збор подпісаў і прыцягненне грамадзян да вырашэння такіх пытанняў паскарае працэс і робіць яго на карысць жыхароў горада. Таму, магчыма, і атрымаўся такі вынік.

У 2013 годзе ўлады далі грамадзянам адмоўны адказ, і спаслаліся на пошук інвестараў для будаўніцтва «Гарадскога курорта». У сваім адказе гарадскі выканаўчы камітэт паведамляў, што ёсць планы ўпарадкавання горада на базе існага фізкультурна-аздараўленчага комплексу і тэрыторыі Дзіцячага гарадка. Аднак праект так і ня быў рэалізаваны.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота mybrest.by