Смяротнае пакаранне і беларуская літаратура
Смяротнае пакаранне ў беларускай літаратуры найбольш адлюстраванае ў тэкстах пра паўстанне 1863 года – страта Кастуся Каліноўскага.
Анатоль Сыс ў вершы „Эшафот на Лукішкаўскім пляцы. Вільня 1864” пісаў:
Перад смерцю зязюля кувае,
перад смерцю жыцця многа зычыць,
а паходня, як сонца, палае,
ды жыцця, як агню, не пазычыць…
Сціхні ж, сціхні, дурніца-птушка!
Ці не чуеш: гудуць вяругі,
вецер шыбенікаў гушкае
і, як коршак, ірве харугвы.
+++
Лукішскі пляц, гераічная смерць рамантычнага героя, юнака-кіраўніка паўстання.
Але што ў мірнны час літаратар можа ведаць пра смяротнае пакаранне ?
Вакол смяротнага пакарання існуе завеса сакрэтнасці.
Былы кіраўнік расстрэльнай каманды Алег Алкаеў сказаў нам у інтэрв’ю 2012 года:
„Нават калі вы будзеце цікавіцца, усе вашыя інтарэсы разаб’юцца аб сцены турмы. І ніхто вам нічога не скажа і не пакажа”.
За турэмны мур літаратар можа патрапіць у якасці вязня, тады смяротнае пакаранне з ўяўнай карцінкі, з метафары ператвараецца ў жудасную канкрэтыку.
Максім Танк ў дзённіках за 1935 год пісаў:
„Я ўспомніў і веснюю раніцу на Лукішках і стук тапароў, якія мы чулі ў сваіх казематах, калі яму (быў пакараны смерцю Андрэй Малько) збівалі шыбеніцу, а потым маленькія чырвоныя карткі развешвалі ў Мядзелі, у якіх паведамлялі аб яго смерці”.
„Калідор смерці”, з якога няма выйсці, на Валадарцы пабачылі і палітвязніі найноўшага часу.
Павел Севярынец у тэксце “Валадарская балада” распавядае пра выхад вязняў на шпацыр у турэмны дворык:
“Мы ідзём, разабраўшыся па двое ў патыліцы, у нізкай падвальнай галерэі. Злева – камеры смяротнікаў, тут заўсёды магільная цішыня. (…) Выбіраемся праз змрочны лёх наверх – і адразу паветра, паветра”.
Алес Бяляцкі ў турэмных занатоўках таксама распавядаў пра дзверы ў „калідор смерці”. які бачыў, калі яго разам з іншымі вязнямі вялі на прагулку праз сутэрэннні Пішчалаўскага замка – Валадаркі.
„Калідор смерці” у самым сэрцы Менска.