Ігар Комлік: Вырашылі “рэзаць” менш балюча



Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, чаму “дармаедам” вырашылі зрабіць часовую палёгку.

Як вядома, тэрмін аплаты працаздольнымі грамадзянамі, якія не занятыя ў эканоміцы, асобных камунальных паслуг па поўных тарыфах пераносіцца на 1 траўня 2020 года.

Па поўных тарыфах “дармаеды” кампенсуюць гарачае водазабеспячэнне з 1 студзеня 2019 года, а газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне — павінны былі з 1 кастрычніка гэтага года.

Ігар Комлік: Я думаю, што такі перанос звязаны з палітычнымі кампаніямі, што зараз адбываюцца і будуць адбывацца. Цяпер, напрыклад, набірае разгон парламенцкая кампанія, будучыя праўладныя дэпутаты ўжо “апрацоўваюць” электарат. І тут дзяржава падкладвае такую свінню ў выглядзе падатка для “дармаедаў” у ацяпляльны сезон. А наперадзе яшчэ і прэзідэнцкія выбары.

Таму вырашылі перанесці падаткавы ціск на 1 траўня, калі якраз і заканчваецца ацяпляльны сезон. Улады, напэўна, вырашылі “рэзаць” людзей менш балюча.

РР: Баяцца, што грамадства можа рэзка адрэагаваць на такі “падарунак” да зімы?

Ігар Комлік: Хутчэй за ўсё, вырашылі проста перастрахавацца. Я мяркую, што “дармаедаў” напоўніцу ціскануць ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў, пасля чарговай “элегантнай” перамогі, калі ўжо не трэба будзе народу пускаць пыл у вочы.

Улада – добры вучань, яна памятае, што здарылася два гады таму, калі быў уведзены падатак на “дармаедаў”. Масавыя пратэсты прайшлі па ўсёй краіне. Зараз ім гэта не патрэбна. Па-першае, рэпрэсіі пойдуць не на карысць дыялогу з Еўропай. Па-другое, пратэстнымі настроямі могуць скарыстацца абсалютна розныя сілы, беларускі рэжым памятае ўкраінскія падзеі.

Адным словам, улада прыдумала гэты падатак і зараз ён для іх, як чамадан без ручкі. І кінуць шкада, і несці цяжка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя