Станіслаў Багданкевіч: Улады мараць атрымаць крэдыт МВФ
Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч распавёў пра тое, чаму ўладам важна атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонда.
У Менску з 29 кастрычніка па 5 лістапада будзе працаваць місія МВФ па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.
Раней міністр фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што Беларусь плануе ў бліжэйшы час абмеркаваць з МВФ магчымасць новай праграмы.
Станіслаў Багданкевіч: Беларускія ўлады мараць атрымаць крэдыт МВФ. Па-першае, эканоміка апошнія чатыры гады знаходзіцца ў стагнацыі. Два гады мы былі ў мінусе, але зараз выйшлі на невялікі плюс, хаця гэты рост зусім невялікі – 1-2 адсоткі.
Па-другое, сябраваць з Міжнародным валютным фондам прымушаюць сённяшнія стасункі з Расеяй, якая апошнім часам перастала даваць грошы. Таму ў беларускай ўлады ў любым выпадку захаваецца інтарэс да крэдыта МВФ.
РР: Але ці ёсць шанц атрымаць яго?
Станіслаў Багданкевіч: Міжнародны валютны фонд гэтым разам даў зразумець, што, як кажуць, грошы – раніцай, крэслы – вечарам. Зараз будуць абмяркоўваць новую праграму, і калі беларускія ўлады пагодзяцца на ўмовы МВФ, то крэдыт рэальна займець. Іншая справа: ці пойдуць улады на рэформы? Магчыма, і пойдуць, але не на вельмі глыбокія. Але, мяркую, калі жыццё прыцісне, то і да гэтага прыйдуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Новы Час