У Пінску пройдзе рэспубліканскі арганны сімпозіум
Сёлетняя “Культурная сталіца Беларусі” запрашае на рэспубліканскі арганны сімпозіум “Пінск-2019”, які адбудзіцца з 16-га па 20-е кастрычніка. У ходзе канферэнцыі пройдуць майстар-класы па арганнай педагогіцы і выкананню.
Горад над Пінай абраны не выпадкова. Тут знаходзіцца адзін са старэйшых касцёлаў краіны і ўнікальны арган, – кажа краязнаўца Эдвард Злобін:
– Пінскі кафедральны касцёл – ён лічыцца адным з трох базілік Беларусі, то бок яго статус вельмі значны для Беларусі. Сам касцёл – адзін са старэйшых у Беларусі. Ніколі не зачыняўся, ні пры якой уладзе, заўсёды быў дзеючы. У Пінску самы стары на тэрыторыі Беларусі арган. Ён быў пабудаваны ў 19 стагоддзі, у 1836 годзе, майстрам Гарадзецкім.
Сімпозіум пройдзе ў Пінскай дзіцячай мастацкай школе і ў кафедральным касцёле. Мэта мерапрыемства – стварыць пляцоўку для наладжвання кантактаў і абмену досведам паміж арганнымі педагогамі Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя