У Баранавічах не зарэгістравалі двух кандыдатаў ад Руху «За Свабоду»
Першыя адмовы ў рэгістрацыі. Акруговыя выбарчыя камісіі ў Баранавічах не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах двух кандыдатаў ад Руху «За Свабоду» – Юрыя Казакевіча і Уладзіміра Гундара. Яны вылучаліся ад грамадскага аб’яднання ў адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі. Галоўны закон Беларусі прадугледжвае вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Грамадскія аб’яднанні не падзяляюцца на палітычныя і непалітычныя. У той час як выбарчае заканадаўства дае магчымасць вылучацца толькі палітычным партыям. І гэтую неадпаведнасць выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі цяжка патлумачыць сябрам камісій, – заўважае каардынатар Руху «За Свабоду» па Берасцейскай вобласці Юрый Казакевіч.
– Чальцы выбарчых камісій у сваёй дзейнасці кіруюцца не патрабаваннямі вышэйшага закона, то бок Канстытуцыі, а дзейнічаюць згодна нейкіх сваіх унутраных загадаў, відавочна, існуе і тэлефоннае права. Патрабаванні Канстытуцыі проста ігнаруюцца. Мы вось зараз атрымалі яскравае сведчанне гэтаму.
У Руху «За свабоду» гатовыя да такіх адмоваў. Там кажуць, што іх задача актывізаваць тэму і нават судзіцца, бо ў сучаснай Беларусі не ўлічваецца, што Канстытуцыя мае перавагу над іншымі законамі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя