Вядомая конкурсная праграма кінафестывалю „Лістапад-2019”



Праграмы асноўнага ігравога і дакументальнага кіно, конкурсаў «Маладосць на маршы», нацыянальных кінашкол, а таксама конкурсу фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік» прадставілі на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Конкурс ігравога кіно ўключае 12 карцін, дакументальнага кіно – 13, «Маладосць на маршы» – 12. У праграме фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», паказы якіх пройдуць з 2 па 5 лістапада, прадставяць 8 карцін. Конкурс нацыянальных кінашкол адбудзецца 2-4 лістапада і ўключае 22 фільмы.

Дырэктар праграм ігравога кіно, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» Ігар Сукманаў больш падрабязна расказаў пра праграму асноўнага конкурсу ігравога кіно. Паводле яго слоў, гэтыя 12 карцін, якія кранаюць не толькі актуальнасцю, але і сваёй кінематаграфічнай мовай.

Так, карціна «Бывай, сын мой» (Ван Сяашуай, Кітай) вельмі дэталёва расказвае гісторыю адной сям’і, пачынаючы з 1970-х гадоў да нашага часу. Гэта работа пра цярплівасць, пра тое, як жорны гісторыі спрабуюць зламаць людзей, але яны застаюцца нязломнымі і працягваюць жыць.

Асаблівую цікавасць выклікае карціна з Балгарыі «Бацька» Петра Вылчанава і Крысціны Грозевай. Кожная іх работа, пачынаючы з дэбютнага фільма «Урок», станавілася прызёрам менскага кінафестывалю.

Марыць прыехаць у Менск і асабіста прадставіць гледачам сваю карціну адна з самых радыкальных аўтараў сучаснага расейскага кінематографа – Валерыя Гай Германіка. Яна чакае нараджэння дзіцяці, таму пакуль невядома, ці ўдасца ажыццявіць задуманае. Яе фільм «Уяўны воўк» таксама будзе прадстаўлены ў рамках конкурснай праграмы.

Адзін з найбольш дыскусійных фільмаў – «Злачынны чалавек» Дзмітрыя Мамуліі – важнай постаці сучаснага кінематографа. Яго работа мае адсылкі да творчасці Фёдара Дастаеўскага. Кінарэжысёр прыедзе ў Менск і асабіста прадставіць карціну. На конкурсе будзе адна з галоўных сенсацый апошняга Венецыянскага кінафестывалю – фільм Валянціна Васяновіча з Украіны «Атлантыда». Не пакінуць абыякавымі і «Басаногі бягун» (Мірлан Абдыкалыкаў, Кыргызстан), «Газа» (Юсуп Разыкаў, Расея), «А потым мы танцавалі» (Леван Акін, Грузія, Швецыя), «Размаляваная птушка» (Вацлаў Мархул, Чэхія), «Трэнінг асобаснага росту» (Фархат Шарыпаў, Казахстан). Яшчэ адна жамчужына – грузіна-расейская карціна «Удых-выдых» (Дзіта Цынцадзэ), прэмʼера якой адбылася на кінафестывалі ў Шанхаі.

Работа, якая трапіла ў праграму ў самы апошні момант, – «Цела Божае» (Польшча). «Мы вельмі ганарымся і шчаслівы, што маем магчымасць паказаць гэту карціну маладога польскага рэжысёра Яна Комаса. Яна зʼяўляецца сапраўды адной з самых важных для сучаснага польскага кінематографа», – сказаў Ігар Сукманаў. Гэта яскравы прыклад, калі малады талент прадэманстраваў высокі ўзровень духоўнага асэнсавання жыцця. Усяго ў фестывалі прымуць удзел 154 карціны з 50 краін. Упершыню на фестывалі пакажуць фільмы з Судана і Сенегала.

XXVI Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 1 па 8 лістапада пад слоганам «На радасць».

belta.by