Ярмошына: У нас выбары эканамкласа і вельмі сацыяльныя



Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць правесці выбарчую кампанію абсалютна бясплатна, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падчас анлайн-відэабрыфінгу на сайце bpc.by 11 кастрычніка.

„У нас выбары эканамкласа і вельмі сацыяльныя. У нас кандыдат можа ўдзельнічаць у выбарах абсалютна бясплатна, не ўкладваючыся зусім у сваю выбарчую кампанію. Яму будзе дадзена па пяць хвілін эфірнага часу на дзяржаўным тэлебачанні”, – сказала Ярмошына.

Старшыня Цэнтрвыбаркама нагадала, што кандыдатам будзе дадзена магчымасць удзельнічаць у тэледэбатах і апублікаваць бясплатна сваю перадвыбарную праграму ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

„Гэта мясцовыя газеты і дзве цэнтральныя: рускамоўная  „Рэспубліка” і беларускамоўная „Звязда”, – адзначыла Ярмошына.

З-за вялікай колькасці кандыдатаў эфірны час для выступленняў павялічыцца. Выступленні кандыдатаў, якія балатуюцца ў Менску, будуць транслявацца ў працоўныя дні па тэлеканале „Беларусь 3” з 19.00 да 20.40.

У Менскай вобласці трансляцыя пройдзе з 19.00 да 20.00 па тэлеканале СТВ, у астатніх рэгіёнах – па абласных каналах, якія ўваходзяць у сістэму Белтэлерадыёкампаніі.

Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркама ад 10 кастрычніка, выключэнне складуць 22 і 29 кастрычніка, калі трансляцыі будуць ісці з 19.00 да 19.30. Час для выступленняў кандыдатаў у сталіцы на радыё павялічаць на 15 хвілін, іх будуць трансляваць з 6.45 да 8.00.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН