Герасімаў выйшаў у 2-і круг кваліфікацыі Кубка Крамля



Беларускія тэнісісты Ілля Івашка і Вольга Гаварцова не змаглі пераадолець першы раўнд кваліфікацыі Кубка Крамля. Ілля Івашка пацярпеў паразу ад 423-й ракеткі свету Арцёма Дубрыўнага з Расеі – 7:5, 2:6, 2:6. У жаночай частцы турніру Вольга Гаварцова ў першым крузе кваліфікацыі прайграла чэшцы Тэрэзе Марцінцовай – 2:6, 3:6.

Ягор Герасімаў пераадолеў першы раўнд кваліфікацыі Кубка Крамля. Беларускі тэнісіст стартаваў з упэўненай перамогі над французам Эліётам Беншатры – 6:0, 6:3. У наступным раўндзе беларус паспрабуе зламаць супраціў немца Рудольфа Молекера.

Кацярына Кавалёва заваявала бронзавы медаль на ЧС па боксе

Беларуская спартоўка Кацярына Кавалёва заваявала бронзавую ўзнагароду на чэмпіянаце свету па боксе сярод жанчын, які праходзіць у Улан-Удэ (Расея). Беларуска (вагавая катэгорыя звыш 81 кг) у паядынку за права выхаду ў фінальную стадыю спаборніцтваў саступіла спартоўцы з ЗША Даніэле Перкінс і заняла трэцяе месца. Сярод беларускіх спартовак гэта лепшы вынік на сусветным форуме сярод жанчын.

Юніёрская зборная Беларусі з лікам 2:9 прайграла камандзе Германіі ў адборавым раўндзе ЧЕ-2020

У Шатландыі згуляны матчы другога тура адборавага раўнда чэмпіянату Еўропы-2020 (U-19). Юніёрскую зборную Беларусі равеснікі з Германіі разграмілі з лікам 9:2. У складзе беларусаў галамі адзначыліся Яўген Козел і Глеб Гурбан. Такім чынам, падапечныя Уладзіміра Карыцькі займаюць 3-е месца ў групе з адным ачком. 15 лістапада беларусы згуляюць з камандай Андоры, якая замыкае турнірную табліцу.

Дру Шор узначальвае спіс лепшых асістэнтаў сезону

Аддаўшы дзве выніковыя перадачы ў выязным матчы чэмпіянату КХЛ з „Йокерытам”, форвард менскага „Дынама” Дру Шор выйшаў на першае месца ў лізе па колькасці „асістаў”. У яго актыве цяпер 13 галявых пасаў. Па гэтым паказчыку амерыканец зраўняўся з піцерскім армейцам Сяргеем Плотнікавым.

Кеніец Кіпчоге першым у гісторыі прабег марафон менш, чым за дзве гадзіны

Кеніец Эліуд Кіпчоге першым у гісторыі лёгкай атлетыкі прабег марафон менш, чым за дзве гадзіны. Дыстанцыю 42 кіламетры 195 метраў алімпійскі чэмпіён-2016 пераадолеў за 1 гадзіну 59 хвілін 40,2 секунды. Забег прайшоў у Вене. Афіцыйны рэкорд у марафоне, прызнаны ІААФ, таксама належыць 34-гадоваму Кіпчоге – 2:01.39. Гэты час ён паказаў у Берліне ў 2018 годзе.

„Барселона” мае намер працягнуць кантракт з Месі да канца кар’еры

„Барселона” плануе працягнуць кантракт з капітанам і нападнікам Ліянэлем Месі. Паводле інфармацыі СМІ, 32-гадоваму аргенцінцу будзе прапанавана пагадненне да канца яго кар’еры. Кіраўніцтва каталонскага клуба мае намер працягнуць кантракт з Месі мінімум да 2022 года. Пры гэтым „Барселона” таксама гатова прапанаваць форварду пагадненне на 10 гадоў – і ён будзе ўключаць у сябе працу ў клубе па завяршэнні кар’еры футбаліста.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by