З’явілася ініцыятыва «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору»



Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятыў па мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяр сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Менску аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору».

У сустрэчы прынялі ўдзел каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч, лідар грамадскай ініцыятывы «Хайсы» ў Віцебску Ян Дзяржаўцаў, даследчыкі пахаванняў і актывісты мясцовых ініцыятыў па мемарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, шэраг абаронцаў Курапатаў. Сустрэчу мадэраваў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

На працягу дзвюх гадзін прадстаўнікі ініцыятыў расказвалі адзін аднаму пра тую працу, якую яны праводзяць па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а таксама абмяркоўвалі, якім чынам яны могуць абʼяднаць свае намаганні і выпрацаваць адзіныя падыходы ў мемарыялізацыі месцаў масавых пахаванняў.

Ініцыятары стварэння Нарады даследчыкаў камуністычнага тэрору дамовіліся наступным разам сабрацца ў другой палове студзеня 2020 года ў Менску ў больш шырокім складзе, а пасля праводзіць падобныя сустрэчы раз у некалькі месяцаў.

На наступным пасяджэнні прадстаўнікі новай ініцыятывы плануюць прыняць рэзалюцыі, а таксама сфармаваць каманду, якая зоймецца стварэннем сайта Нарады, агульнай базы месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсіяў, а таксама каляндар падзей.

БелаПАН