Каля 500 даследчыкаў возьмуць удзел у канферэнцыі “Моладзь у навуцы”
З 14 па 17 кастрычніка Савет маладых вучоных НАН Беларусі праводзіць XVI Міжнародную навуковую канферэнцыю «Моладзь у навуцы – 2019».
Яна з’яўляецца не толькі адным з найбуйнейшых маладзёжных навуковых мерапрыемстваў у Беларусі, але і вельмі прэстыжнай пляцоўкай для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі з краін СНД, а таксама блізкага і далёкага замежжа.
На форуме плануецца прадставіць найбольш буйныя міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты, навуковыя распрацоўкі, якія рэалізуюцца з удзелам маладых навукоўцаў. У канферэнцыі прымуць удзел каля 500 маладых даследчыкаў: сярод іх навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі ВНУ, ССНУ, школьнікі, якія таксама ўжо паспяхова займаюцца навукай. Чакаецца прыезд гасцей з Расеі, Чарнагорыі, Казахстана, Польшчы, Латвіі, Таджыкістана, Арменіі, Грузіі….
У першы дзень канферэнцыі, 14 кастрычніка, адкрыецца выстава «Маладая акадэмія». На ёй будуць прадстаўлены апошнія распрацоўкі маладых навукоўцаў па самых перадавых напрамках навукі. Пройдзе прэзентацыя навуковых стартап-праектаў, у якой прымуць удзел не толькі прадстаўнікі айчыннай акадэмічнай і вузаўскай навукі, але і замежнай, а таксама робатурнір. У праграме форуму запланаваны яркія даклады паспяховых маладых вучоных; секцыйныя даклады па асноўных напрамках дзейнасці НАН Беларусі. 15 кастрычніка адбудзецца беларуска-расейскі сімпозіум «Гарызонты навукі», арганізатарамі якога выступілі Акадэміі навук дзвюх краін, а таксама Беларускі фонд фундаментальных даследаванняў і Расейскі фонд фундаментальных даследаванняў.
16 кастрычніка адкрыецца міждысцыплінарная постэрная сесія «100 талентаў НАН Беларусі». На ёй маладыя навукоўцы, пераможцы конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», прадставяць свае распрацоўкі і дасягненні. Кожны з іх – унікальны даследчык, сурʼёзны навукоўца, які мае вопыт міжнароднага супрацоўніцтва. У гэты ж дзень адбудзецца конкурс дакладаў на англійскай мове «My first report in English», а таксама пройдуць майстар-класы. Вынікі XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Моладзь у навуцы – 2019» будуць падведзены 17 кастрычніка.
Фота: nasb.gov.by