Хочаце правесці пікет у Полацку? Рыхтуйце тысячу даляраў!



2 тысячы 20 беларускіх рублёў і 50 капеек запатрабавала полацкая служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі з полацкіх актывістаў СПБ за прыборку тэрыторыі пасля пікету 7 кастрычніка.

Ад правядзення акцыі на такіх умовах арганізатары былі вымушаны адмовіцца, але пытанні засталіся: навошта везці на пляцоўку каля кінатэатру “Радзіма” два кантэйнеры для смецця і дасылаць дзясятак працаўнікоў, калі пікет меркаваўся ўсяго на паўгадзіны. І ўдзельнікаў планавалася ўсяго пяцёра, падкрэслівае адзін з заяўнікаў Віктар Стукаў:

– Хаця ў нас пікет усяго паўгадзіны, у іх працы размеркавана на 8 гадзін, 10 чалавек будуць нешта прыбіраць, ды яшчэ машыны, паліва, амартызацыя, нейкія яшчэ агульнагаспадарчыя выдаткі запісаны. Прычым, калі я да іх хадзіў, мне так і не змаглі патлумачыць, дзе ў іх такія стандарты запісаны.

Паводле заканадаўства аб масавых акцыях, заяўнікі мусяць заключаць замовы на абслугоўванне таксама з міліцыяй і медыкамі. Але апошнія службы запрасілі за свае паслугі ў дзясяткі разоў меней: міліцыя – 76 рублёў 50 капеек, або 3 базавыя велічыні, а хуткая дапамога – усяго 22 рублі 5 капеек.

Паводле старшыні СПБ Мікалая Шараха, патрабаванне грошай за абслугоўванне акцый – гэта парушэнне правоў грамадзянаў, зважаючы яшчэ й на тое, што за мерапрыемствы з удзелам дзяржаўных уладаў плаціць увогуле не трэба:

– Жыхары пастаўлены ў горшае становішча за органы ўлады. Для органаў улады гэта бясплатна, а для жыхароў, значыць, плаці! Таму мы лічым гэта парушэннем правоў. І плаціць мы ўвогуле ні за што не павінны: міліцыя ўтрымліваецца за бюджэт, і хуткая дапамога, і ЖКГ выконвае свае функцыі незалежна ад таго, праводзяцца пікеты ці не праводзяцца.

Пры гэтым пляцоўка каля кінатэатру “Радзіма” – адзінае ў Полацку месца, афіцыйна вызначанае ўладамі для правядзення масавых акцыі па ініцыятыве жыхароў. Навокал – невялікі парк, і служба ЖКГ, магчыма, проста вырашыла прыбраць яго за кошт пікетоўцаў. Прынамсі, арганізатары гэтага не выключаюць.

 

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя