Нацбанк працягне лібералізацыю валютнага рэгулявання



У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект аб валютным рэгуляванні, які прадугледжвае далейшыя крокі ў частцы лібералізацыі дадзенай сферы, паведаміў 14 кастрычніка журналістам у Менску намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц.

«На разглядзе ў парламенце ўжо знаходзіцца праект новага закона аб валютным рэгуляванні», – сказаў Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН. Дакумент, дадаў ён, прадугледжвае далейшую лібералізацыю валютнага заканадаўства.

«На сённяшні дзень для нашых грамадзянаў ужо створаныя ўмовы па адкрыцці рахункаў за мяжой, для юрыдычных асоб – па аперацыях, звязаных з рухам капіталу», – адзначыў Калечыц.

Ён нагадаў, што ў Беларусі адменены абавязковы продаж валютнай выручкі і мэтавая купля замежнай валюты.

«Ад усяго гэтага мы адмовіліся. Меры валютнага рэгулявання, якія захоўваюцца, – дазвольны прынцып адкрыцця замежных рахункаў для юрыдычных асоб. Акрамя гэтага, фізічным асобам таксама цяпер трэба атрымліваць дазвол Нацбанка па аперацыях, якія звязаныя з рухам капіталу», – паведаміў Калечыц.

Пасля прыняцця новага закона аб валютным рэгуляванні, дадаў ён, гэтыя меры валютнага рэгулявання будуць адмененыя. «Дазвольны прынцып будзе заменены на рэгістрацыйны. Можна будзе з выкарыстаннем спецыяльнай электроннай сістэмы зайсці ў свой асабісты кабінет, зарэгістраваць знешнеэканамічную аперацыю і потым зусім свабодна іх здзяйсняць», – распавёў Калечыц.

Ён таксама звярнуў увагу, што пасля прыняцця новага закона аб валютным рэгуляванні плануецца адмяніць заканадаўчыя тэрміны вяртання валютнай выручкі ў краіну.

«Заканадаўчыя тэрміны рэпатрыяцыі валютнай выручкі будуць замененыя на дагаворныя, якія стануць прапісвацца ў дагаворах паміж суб’ектамі валютных аперацый (рэзiдэнтам або нерэзідэнтам)», – адзначыў Калечыц.

Такім чынам, рэзюмаваў ён, пасля прыняцця закона аб валютным рэгуляванні тэрміны вяртання валютнай выручкі будуць вызначацца з улікам дамоўных абавязацельстваў прадпрыемстваў, а не дзяржавай.

БелаПАН