Да 10 гадоў калоніі прыгавораны жыхар Белаазёрска за ДТЗ



Суд Бярозаўскага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе аб ДТЗ з гібеллю пяці чалавек, паведамляе прэс-служба Берасцейскага абласнога суда.

7 ліпеня 31-гадовы жыхар Белаазёрска, кіруючы ў стане алкагольнага ап’янення аўтамабілем „Мерседэс”, ехаў у напрамку Белаазёрска з хуткасцю прыблізна 90 кіламетраў за гадзіну. Пры гэтым у аўтамабілі з чатырма пасажырскімі сядзеннямі знаходзіліся дзевяць пасажыраў.

„Пры набліжэнні да закруглення дарогі налева, аб наяўнасці якога яму было вядома, выказаў злачынную нядбайнасць, няўважлівасць і неабачлівасць да дарожнага становішча, працягнуўшы рух з ранейшай хуткасцю, — гаворыцца ў паведамленні суда. — У выніку на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем аўтамабілем, дапусціў яго занос і з’езд у канал, дзе „Мерседэс” пайшоў пад ваду”.

У ДТЗ загінулі пяць чалавек: 21-гадовы мужчына, 33-гадовая жанчына, дзевяцігадовыя дзяўчынка і хлопчык, чатырохгадовая дзяўчынка. Іх смерць наступіла ад механічнай асфіксіі з-за ўтаплення.

14 кастрычніка суд Бярозаўскага раёна прызнаў жыхара Белаазёрска вінаватым на падставе ч. 5 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пяці асоб) і прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

На пяць гадоў ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

Судом спагнана з уладальніка аўтамабіля (бацькі вінаватага ў ДТЗ) у кошт кампенсацыі маральнай шкоды 25 тыс. рублёў на карысць двух пацярпелых: маці загінулага маладога чалавека і брата загінулай жанчыны.

Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.

belapan.by