Ці зменіць беларускія выбары электроннае галасаванне?
Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак скептычна ставіцца і да празрыстых скрыняў падчас выбараў, і да электроннага галасавання.
Не так даўно старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала празрыстыя скрыні “не моднымі”.
“Гэта супярэчыць міжнародным стандартам – празрыстыя скрыні не забяспечваюць тайну волявыяўлення выбарцаў, – заявіла яна. – Модна выкарыстоўваць паўпразрыстыя скрыні, электроннае галасаванне. Думаю, мы таксама будзем гэта паступова ўкараняць”.
Алег Гулак: Па-першае, я б не сцвярджаў, што празрыстыя скрыні не забяспечваюць тайну волявыяўлення выбарцаў. Але пытанне нават не ў гэтым. Любая выбарчая тэхналогія павінна дасягаць пэўнай мэты – зрабіць выбары больш дасканалымі і дэмакратычнымі. Але самі па сабе празрыстыя альбо паўпразрыстыя скрыні – гэта не гарантыя на сто адсоткаў, што ў выніку галасы будуць падлічаны правільна. Хаця ў той жа час можна ўбачыць, каб бюлетэні не кідалі цэлымі стосамі.
РР: Ці прыйдзем мы да электроннага галасавання?
Алег Гулак: Такое практыкуецца ў некаторых краінах, і калі ўсё зроблена па-людску, то такая практыка карысная. Але ж, як кажуць, д’ябал хаваецца ў дэталях.
З электронным галасаваннем таксама не складзе цяжкасці праводзіць розныя маніпуляцыі, улічваючы, што выбары праводзяць праўладныя людзі, а міжнародныя назіральнікі пазбаўлены рэальнага права адсочваць працэс. Тым больш, што ўчастковыя камісіі таксама стэрыльныя ад апазіцыі.
Адным словам, можна і ў Беларусі падчас выбараў укараніць электроннае галасаванне, але ў такім выпадку за вынікамі яшчэ складаней будзе сачыць, бо гэта ўжо пытанне даверу да праграмнага забеспячэння. А калі няма даверу да працэдуры, то навошта траціць грошы?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя