Андрэй Палуда: Тэма смяротнага пакарання для людзей даволі складаная



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда распавёў, ці змянілася ў беларусаў стаўленне да вышэйшай меры пакарання.

У Беларусі прайшоў чарговы “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, і Андрэй Палуда лічыць, што такія мерапрыемства варта ладзіць і надалей:

Андрэй Палуда: Падчас правядзення “тыдня” мы выкарыстоўвалі і старыя традыцыйныя формы, і новыя падыходы. І, безумоўна, у любым выпадку такія мерапрыемствы прыносяць плён. Хаця даволі складана вызначыць, які ад гэтага эфект, бо лінейкай грамадскія настроі не вымяраюцца.

У той жа час разумею, што гэтая тэма для людзей даволі складаная, і настроі людзей у адзін момант не зменіш. Тым больш, што магчымасці праваабаронцаў абмежаваныя. Але мы ведаем дакладна, што наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна ўплывае на грамадства.

РР: Якім чынам?

Андрэй Палуда: Раскручвыаецца спіраль нянавісці ў гэтым самым грамадстве, туды трапляе больш негатыву. Таму, калі мы даводзім народу аргументы для адмены смяротнага пакарання, працуем і на тое, каб рабіць грамадства больш гуманным. І тут не толькі пытанне смяротнага пакарання, усё куды глыбей.

Таму, на наш погляд, дыскусія на гэтую тэму ў грамадстве ў любым выпадку не пашкодзіць. Мы размаўляем скрозь прызму аргументаў, чалавечнасці і падыходаў, якія заснаваны на правах чалавека.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя