Ці ўдасца Лукашэнку стрымаць намаганні Масквы?
Ці ўдасца кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў чарговы раз стрымаць намаганні Масквы па размяшчэнні на мяжы з Еўразвязам расейскай вайсковай базы.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што шмат што будзе залежыць ад вайсковага супрацьстаяння Расеі і ЗША:
– Масква накідала сваю базу. Пуцін у 2015 годзе падпісваў распараджэнне. Лукашэнка, як той кажа, упёрся рогам і адбіўся. Але ці надоўга адбіўся – вялікае пытанне. Нібыта сёння Масква запэўнівае, што вялікай патрэбы ў гэтай базе няма. Па-першае, гэта як у той байцы пра лісу і вінаград: не атрымалася, дык цяпер кажуць, што і няма патрэбы. Па-другое, цяпер сітуацыя ў рэгіёне абвастраецца, таму што разбураная дамова пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасці. Ёсць такая рызыка, што Злучаныя штаты і Расея пачнуць гонку ўзбраенняў у рэгіёне.
«І вось тады Беларусь можа стаць для Крамля вельмі жаданым плацдармам для размяшчэння тых жа ракет сярэдняй і далёкай далёкасці. Альбо паставіць побач з мяжой іскандэры, каб напужаць палякаў, якія пашыраюць амерыканскую вайсковую прысутнасць на сваёй тырыторыі», – адзначае Аляксандр Класкоўскі. Акрамя таго вайсковая база можа быць адным з пунктаў дамовы па інтэграцыі, якую Беларусь і Расея рыхтуюцца падпісаць у снежні. І ў Крамля ёсць усе магчымасці ціску ў гэтым пытанні на афіцыйны Менск.
– Лукашэнка можа пайсці на прынцып, уперціся і да 8 снежня, да дваццацігоддзя саюзнай дзяржавы, узяць ды і не падпісаць гэтую дамову пра паглыбленне інтэграцыі, паказаць вось такую «дулю» Крамлю. Але што далей? Беларуская эканоміка адразу ляжа, калі Крэмль прыкруціць свае кранікі: нафтавы, газавы, фінансавы ды іншыя.
У пачатку кастрычніка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей запэўніваў, што ў размяшчэнні расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі «няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу». Такім чынам ён адрэагаваў на выказванні свайго расейскага калегі Сяргея Лаўрова пра тое, што адмова Беларусі размяшчаць расейскую ваенную базу з’яўляецца «непрыемным эпізодам».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя