„Гісторыі з гродзенскіх вуліц” – краўдфандынг ад Hrodna.life



Журналіст Руслан Кулевіч падрыхтаваў да выдання новую кнігу ўспамінаў гарадзенцаў пра 30-я – 40-я гады ХХ стагоддзя. Кніга мае назву „Гісторыі з гродзенскіх вуліц” і на яе запусцілі талаку на старонцы ulej.by.

Пра кнігу распавядае аўтар кнігі Руслан Кулевіч:

– Кніга „Гісторыі з гродзенскіх вуліц” – гэта працяг маёй працы, якая пачалася яшчэ ў 2018 годзе, я паставіў сабе за мэту назбіраць як мага больш успамінаў гарадзенскіх старажылаў. У першай кнізе я памясціў 16 гісторый-успамінаў, у другой кнізе, на якую мы зараз збіраем грошы, будзе 27 успамінаў і каля сотні ўнікальных здымкаў.

Краўдфандынгавай кампаніяй кнігі Руслана Кулевіча займаецца рэдактар выдання Аляксей Шота:

– Руслан Кулевіч – наш топавы аўтар, безумоўна, адзін з самых папулярных. І першая кніга, якую мы яму дапамагалі выдаць у канцы мінулага года, яна на самым пачатку 2019-га выйшла, мела вялікі поспех. Мы значна больш надрукавалі і прадалі, чым спадзяваліся. А гэта для нас вялікая дапамога. І на арэнду офіса і на іншыя рэдакцыйныя патрэбы. Таксама гэта праект для захавання культуры, гісторыі, прынцыпова беларускамоўная кніга, хаця маглі б выдаць па-руску, яна лепш прадавалася б. 

Ахвяраваць на выданне кнігі можна любую суму пачынаючы ад 5 рублёў, а ахвяраваўшы суму ў 70 рублёў, можна атрымаць новую кнігу Руслана Кулевіча і экскурсію ад журналіста па тых мясцінах Гародні, дзе запісваліся героі кнігі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча