Місія БДІПЧ АБСЕ пачала назіранне за парламенцкай кампаніяй у Беларусі



Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) 15 кастрычніка пачала назіранне за выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, паведамляецца на сайце АБСЕ.

Місію ўзначальвае Карнэлія Вільемін Анке Ёнкер. У склад місіі ўваходзіць асноўная група з 11 экспертаў для працы ў Менску, а таксама 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія з 23 кастрычніка будуць сачыць за выбарчай кампаніяй па ўсёй краіне. Акрамя таго, БДІПЧ «папросіць дзяржавы АБСЕ выдзеліць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да выбараў».

«Місія ацэніць, ці праводзяцца выбары ў адпаведнасці з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ і іншымі міжнароднымі абавязацельствамі і стандартамі дэмакратычных выбараў, а таксама з нацыянальным заканадаўствам, – гаворыцца ў паведамленні арганізацыі. – Назіральнікі будуць уважліва сачыць за асноватворнымі аспектамі выбараў, у прыватнасці за рэгістрацыяй выбарцаў, кандыдатаў, агітацыйнай дзейнасцю, працай адказных за выбары і адпаведных дзяржаўных органаў, рэалізацыяй выбарчага заканадаўства, а таксама за вырашэннем спрэчак, звязаных з выбарамі. У рамках назірання місія таксама будзе сачыць за асвятленнем кампаніі ў СМІ».

Неад’емнай часткай назірання зʼяўляюцца сустрэчы членаў місіі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, СМІ і міжнароднай супольнасці.

У дзень выбараў, 17 лістапада, місія БДІПЧ «абʼяднае намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, галасаваннем, падлікам галасоў і падвядзеннем вынікаў».

Папярэднія высновы па выніках працы назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ будуць прадстаўлены на прэс-канферэнцыі 18 лістапада. Канчатковая справаздача аб назіранні будзе апублікаваная «прыкладна праз два месяцы пасля заканчэння выбарчага працэсу».

На сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі паведамляецца, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 15 кастрычніка правяла сустрэчу з Ёнкер. Яна ўручыла прадстаўнікам місіі БДІПЧ акрэдытацыйныя пасведчанні, паведаміла ім пра мерапрыемствы выбарчай кампаніі, якія цяпер праходзяць, пра звароты, што паступаюць у Цэнтральную камісію, а таксама пра падзеі, якія маюць адбыцца падчас падрыхтоўкі выбараў.

БелаПАН