Нацыянальны конкурс „Лістапад-2019” пройдзе 5-7 лістапада



Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу XXVI Менскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» пройдуць 5-7 лістапада ў сталічных кінатэатрах, паведаміў сёння каардынатар конкурсу Мікалай Лаўранюк на прэс-канферэнцыі.

«У гэтым годзе конкурс нацыянальнага кіно пройдзе шосты раз. Ад беларускіх аўтараў прыйшлі 83 заяўкі, – адзначыў каардынатар конкурсу. – Крытэрыі ацэнкі фільмаў былі вельмі сур’ёзныя, патрабаванні былі сугучныя з міжнароднымі тэндэнцыямі і адпавядалі ўзроўню міжнароднага фестывалю, што дало магчымасць выбраць лепшых з лепшых».

Праграма нацыянальнага конкурсу ўключае 5 работ ігравога кіно, 9 дакументальных фільмаў і 6 анімацыйных стужак.

Паводле слоў Мікалая Лаўранюка, анімацыйных фільмаў было заяўлена нямнога, але ўсе яны «на вагу золата». «Усе нашы аўтары вельмі таленавітыя, яны ствараюць сапраўдны цуд на экране, – сказаў ён. – Усе шэсць стужак былі зняты на »Беларусьфільме«. Гэта і казкі для дзіцячай аўдыторыі, і гісторыі, прызначаныя для дарослых, якія закранаюць тэмы беларускай і міжнароднай культуры».

Анімацыя будзе прадстаўлена такімі работамі, як «Прыгажун і пачвара» рэжысёра Наталлі Дарвінай, «Дантэ. Беатрычэ» Ірыны Кадзюковай, «Паданне пра гуслі» Таццяны Кубліцкай, «Чартапалох» Яўгена Надточая, «Магістр вольных мастацтваў» Алены Пяткевіч і «Лепшае месца на свеце» Ірыны Тарасавай. Сеансы анімацыйнага кіно пройдуць у кінатэатры «Піянер».

Шматлікія фільмы секцыі дакументальнага кіно ўжо адзначаны на міжнародных кінафестывалях: «Трэнер» рэжысёра Вольгі Абрамчык, «Гульня ў класікі» Дарʼі Дзямуры, «Адна сямʼя» Наталлі Жамойдзік, «Хронікі ртуці» Сашы Кулака і Бена Геза, «Summa» Андрэя Куцілы, «Перазімаваць» Евы-Кацярыны Махавай, «Мая бабуля з Марса» Аляксандра Міхалковіча, «Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі» Юрыя Цімафеева, «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа.

«У ігравым кіно прадстаўлены пяць карцін, якія заслугоўваюць асаблівай увагі, – падкрэсліў каардынатар конкурсу. – Стужка »Пляж/ Лес/ Тамбур« рэжысёраў Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай раскажа аб адносінах і страху. Адбудзецца сусветная прэмʼера фільма »Апошні дзень гэтага лета« Юліі Шатун і Мікіты Аляксандрава, у цэнтры якога старшакласнік, які перажывае апошні дзень лета. Карціна »1986« нямецкага рэжысёра Латара Херцага трапіла ў нацыянальны конкурс таму, што яна поўнасцю знята ў Беларусі, у ёй прыняла ўдзел вялікая колькасць беларускіх кінематаграфістаў. Фільм паказвае і сучасную Беларусь, і адлюстроўвае боль чарнобыльскай трагедыі». Акрамя таго, будуць прадстаўлены стужкі «Сашава пекла» Мікіты Лаўрэцкага і «Возера радасці» Аляксея Палуяна.

Ацэньваць фільмы нацыянальнага конкурсу будуць беларускі рэжысёр-дакументаліст Вольга Дашук, прадзюсар і адборшчык фільмаў для Гётэбаргскага кінафестывалю ў Швецыі Фрэдзі Ольсан на чале з рэжысёрам з Польшчы Кшыштафам Занусі.

У пазаконкурсную праграму «Беларуская панарама» ўвайшлі 4 прэмʼерныя кароткаметражныя работы ад добра вядомых рэжысёраў: «Нічога» Юліі Дублеўскай, «На парозе маўчання» Кірыла Ярохіна аб насіллі ў сямʼі, «Рыбы дзён маіх» Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага аб беларускай сямʼі і разрыве сувязяў паміж пакаленнямі, а таксама фільм «Пастка» Дарʼі Юркевіч.

XXVI Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 1 па 8 лістапада. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры і Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

БелТА