Вызначаны парадак наведвання бязвізавай тэрыторыі «Берасце – Гародня»



У Беларусі зацверджана палажэнне аб парадку наведвання грамадзянамі бязвізавай тэрыторыі «Берасце – Гародня», а таксама тэрыторый раёнаў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей, якія не з’яўляюцца часткай гэтай тэрыторыі. Пра гэта паведамляецца ў пастанове Саўміна, апублікаванай на сайце ўрада.

Згодна з дакументам, у турыстычных мэтах на тэрмін да 15 сутак індывідуальным турыстам дазволена наведваць толькі бязвізавую тэрыторыю «Берасце – Гародня». Пры групавым наведванні падчас руху па маршруце турыстычнага падарожжа дазвол распаўсюджваецца таксама і на тэрыторыі іншых раёнаў абласцей. 

Раней існуючыя асобна дзве бязвізавыя зоны Берасця і Гародні аб’ядналі ў адну ўказам прэзідэнта. У яе ўключылі яшчэ пяць раёнаў Гарадзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі, а таксама далі права ўезду праз два пункты пропуску: „Беняконі” і „Бераставіца”.

Згодна з указам, тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічаны да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў. 

Пастанова ўступае ў сілу з 10 лістапада.