1600 чалавек, якія сядзяць за наркотыкі, чакае амністыя
Сёлета ўсе няпоўнагадовыя, якія адбываюць пакаранне за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, будуць амніставаныя, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч на прэс-канферэнцыі ў Менску 16 кастрычніка.
Паводле яго слоў, гэта 83 няпоўнагадовыя, якія цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
„У нас любяць згадваць пра моладзевы генацыд, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, — заявіў прадстаўнік МУС. — А між тым да ўсіх гэтых непаўналетніх у гэтым годзе будзе прымененая амністыя — тэрміны пакарання будуць зніжаныя на два гады. Дзяржава досыць гуманна ставіцца да маладых людзей, якія здзейснілі злачынства”.
Таксама пад амністыю патрапяць яшчэ каля 1,6 тысячы асуджаных за нарказлачынствы.
„Сёлета праваахоўнікі спынілі дзейнасць 40 няпоўнагадовых, звязаную з незаконным абаротам наркотыкаў. І гэтая лічба з году ў год зніжаецца”, — падкрэсліў Казакевіч.
Ён адзначыў, што пры ўстойлівым скарачэнні на працягу шэрагу гадоў нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі, за дзевяць месяцаў 2019 года іх колькасць вырасла. „Чаму мы маем такі ўсплёск? Праведзены аналіз паказаў, што сёлета каля чвэрці ўсіх нарказлачынстваў сярод няпоўнагадовых — гэта злачынствы, учыненыя групамі. Спыненая дзейнасць трох такіх груп, дзвюх у Віцебскай вобласці і адной у Мінскай. Гэта сведчыць пра тое, што маладыя людзі свядома пайшлі на злачынства, прычым у складзе групы, у шэрагу выпадкаў арганізаванай. Іх дзеянні былі ўсвядомленымі, яны кіраваліся толькі карысьлівасцю — атрыманне максімальнага заробку пры мінімальных працавыдатках”, — паведаміў прадстаўнік МУС.
Паводле слоў Казакевіча, усе маладыя людзі працадаўцамі-дылерамі былі папярэджаныя аб супрацьпраўнасці такой дзейнасці. „90% маладых людзей, якія адгукаюцца на аб`явы аб высокім заробку, выдатна разумеюць характар прапанаванай працы. Але крымінальны бок бізнесу іх мала хвалюе. Да таго ж наркадылеры абяцаюць не толькі высокі заробак, але і поўную ананімнасць. І нават навучаюць па інструкцыях яшчэ савецкіх спецслужбаў 1930-х гадоў, як сыходзіць ад назірання, прымаць элементарныя меры канспірацыі, не кажучы ўжо пра магчымасці інтэрнэту і рознага роду месенджараў. Пры гэтым самі дылеры такіх маладых людзей паміж сабой называюць „мясам”, таму што яны болей за паўгода, як правіла, не працуюць. Мы іх выяўляем і дзейнасць спыняем”, — распавёў ён.
На пытанне, як МУС ставіцца да распрацоўкі Нацыянальным цэнтрам заканадаўчых і прававых даследаванняў сумесна з ЮНІСЕФ канцэпцыі, згодна з якой крымінальнае пакаранне непаўналетніх за злачынствы (акрамя асабліва цяжкіх) можа быць замененае альтэрнатыўным, без пазбаўлення волі, з прынцыпам абавязковасці кампенсацыі ўрону і шкоды, Казакевіч адказаў: „Пакуль гэта толькі праект, і казаць пра штосьці рана. І для таго каб ён быў вынесены на грамадскае абмеркаванне, трэба выпрацаваць узгодненую ўнутраную пазіцыю ведамства. Цяпер мы прапрацоўваем гэтае пытанне і аб`ядноўваем падыходы. Пытанне ў эфектыўнасці існуючай сістэмы па супрацьдзеянні наркапагрозе”.
На думку прадстаўніка МУС, гаварыць пра нейкую альтэрнатыву можна толькі тады, калі яна будзе рэальна існаваць: „Гэта не проста пагразіць пальцам за разбітае акно, гэта павінен быць глыбока прапрацаваны механізм, немагчымы без партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, які эфектыўна працуе”.