Палітыка МЗС: Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння з НАТА



Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння з НАТА на ўзаемапаважлівай і раўнапраўнай аснове. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас 16 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара НАТА па новых выкліках бяспецы Антоніа Місіролі, які ўзначальваў дэлегацыю Паўночнаатлантычнага альянсу на інфармацыйным дні ў Менску.

Місіролі стаў самым высокім за апошнія 27 гадоў прадстаўніком кіраўніцтва сакратарыята Паўночнаатлантычнага альянсу, які наведаў Беларусь пасля візіту ў 1992 годзе генеральнага сакратара НАТА Манфрэда Вернера.

„Суразмоўцы адзначылі паступовую тэндэнцыю паляпшэння адносін Беларусі і НАТА, абмеркавалі пытанні развіцця супрацоўніцтва Беларусі з краінамі — членамі і партнёрамі НАТА ў розных галінах, у тым ліку ў сферы барацьбы з новымі выклікамі і пагрозамі, уключаючы тэрарызм”, — паведамляе прэс-служба МЗС.

Дапкюнас праінфармаваў Місіролі аб выніках міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню „Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзніклых тэхналогій”, якая адбылася ў Мінску 3—4 верасня. Беларускі дыпламат звярнуў увагу суразмоўцы на ініцыятывы Беларусі аб стварэнні „пояса лічбавага добрасуседства”, а таксама распрацоўцы дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе, адзначыўшы, што прапановы беларускага боку накіраваныя на зніжэнне канфрантацыі, аднаўленне даверу і ўмацаванне дружалюбных сувязяў паміж краінамі.

Дапкюнас 16 кастрычніка таксама ўзяў удзел у адкрыцці інфармацыйнага дня праграмы НАТА „Навука дзеля міру і бяспекі”, арганізаваным Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміяй навук пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў.

Праграма „Навука дзеля міру і бяспекі” (ПНМБ) уяўляе сабой інструмент НАТА, які ставіць сваёй мэтай спрыяць развіццю супрацоўніцтва і дыялогу з усімі партнёрамі на аснове навуковых даследаванняў, інавацый, абмену вопытам. У рамках праграмы забяспечваецца фінансаванне і экспертная падтрымка даследаванняў у сферы бяспекі, якія праводзяцца сумесна дзяржавай — членам альянсу і краінай-партнёрам. За час свайго існавання ў рамках ПНМБ сфармаваная шырокая міжнародная сетка, якая складаецца з прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасцяў дзяржаў — членаў НАТА і краін-партнёраў. Штогод у рамках мерапрыемстваў праграмы бяруць удзел каля 2.000 экспертаў. Беларусь удзельнічае ў гэтай праграме з 1992 года.

belapan.by