Лукашэнка: Расея — гэта ідэалогія, і яе з мяне не выбіць



Шчыльнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі ў свой час дазволіла захаваць адносіны Беларусі з Расеяй. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным 17 кастрычніка ў Менску.

«Таму што былі вельмі сур’ёзныя часы, калі іскрыла паміж намі. І газ перакрывалі, і нафту не пастаўлялі, і гэтак далей. І толькі дзякуючы рэгіёнам нам удалося ўтрымаць нашы адносіны, і сёння яны на прыстойным узроўні. Не без праблем, але на прыстойным узроўні, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. – Думаю, мы з Дзмітрыем Фёдаравічам (Мезенцавым, паслом Расеі ў Беларусі. – БелаПАН.), МЗС і ўрадам Расеі (прэзідэнты таксама падключыліся) вырашым і гэтыя пытанні. Нам нельга страціць адзін аднаго ні ў якім разе. Што, у вас ёсць больш блізкі саюзнік, чым Беларусь? Не. Больш блізкай краіны, чым Расея, у нас таксама няма. Таму мы павінны супрацоўнічаць».

«Але гэта не значыць, што мы селі адзін супраць аднаго і глядзім адзін на аднаго. Не, – дадаў кіраўнік дзяржавы. – Я бачу, турэцкі гамбіт нейкі задумалі. Уцягнулі ўсе дзяржавы. Расея таксама ў гэтым удзельнічае, глядзіць, як там. Праўда, у выгаднай сітуацыі – як міратворчая краіна. Нам таксама ў рэгіёне трэба бачыць нашых суседзяў, тую ж Украіну».

Афіцыйны лідар зноў падкрэсліў, што для беларусаў расеяне не чужыя людзі, як, зрэшты, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, рэлігій. «У нас няма дрэнных адносін ні з Чачнёй, ні з Башкартастанам, ні з мусульманамі, ні з каталікамі, ні з яўрэямі, ні тым больш з праваслаўнымі ў Расеі. Вы для нас людзі родныя», – канстатаваў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што часта сустракаецца з кіраўнікамі рэгіёнаў Расеі, і падкрэсліў, што ў гэтым няма ніякай канспіралогіі. «Я вельмі часта кажу: калі нехта ў Расеі думае, што гэта іх Расея, яны памыляюцца. Гэта і наша Расея! Да гэтага трэба прывыкаць. Расея – гэта больш, чым краіна. Для Беларусі тым больш. Гэта ідэалогія, і яе з мяне не выбіць», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама заклікаў не глядзець на беларусаў як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся спінай да Расеі, падкрэсліўшы, што «гэта краіна застаецца галоўным стратэгічным партнёрам і ўсе цяперашнія праблемныя пытанні будуць вырашаны». «Гэтага ніколі не было і не будзе. Нас асабліва там (у Заходняй Еўропе) не чакаюць, таму што перашкодай гэтаму зʼяўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, перашкодай гэтаму зʼяўляецца эканоміка», – сказаў кіраўнік дзяржавы. «Справа ў тым, што ў Беларусі вырабляюцца тавары аналагічныя тым, што вырабляюцца ў краінах Еўразвязу. Там машынабудаванне не горшае, чым у нас. Усё, акрамя БелАЗаў, – растлумачыў кіраўнік дзяржавы. – Усё астатняе вырабляюць: і малако, і мяса, і іншае. На рынак нас туды ніхто не пускаў і не пусціць. Я ўвесь час іх за гэта крытыкую. Хоць у нас прадукцыя (яны гэта прызнаюць) значна лепшая па шматлікіх параметрах, чым іх. Але на рынак не пускаюць. Якая тады аснова супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам?»

У той жа час Лукашэнка звярнуў увагу, што «такія праблемы зʼявіліся і ў гандлі з Расеяй, але яны носяць часовы характар». «Мы вырашым гэтыя пытанні. Мы па меншай меры на адной мове размаўляем», – дадаў ён.

«Але змяняюцца пакаленні, ва ўладу прыходзіць моладзь, якая ўжо не заспела часы, калі шматлікія народы жылі ў адзінай дзяржаве – Савецкім Саюзе. Вы таксама з новага пакалення. Балазе, вы яшчэ памятаеце больш, чым цяперашняя 30-гадовая моладзь, – што мы жылі ў адной дзяржаве, што такое славянскае адзінства, – сказаў Лукашэнка. – А прыходзіць жа моладзь, якая гэта не памацала і рэдка дзе чытала ў кніжках. У »Вікіпедыі« гэта не вельмі напішуць. Важна нам не страціць гэтыя адносіны і перадаць новым пакаленням, каб нашы дзеці разумелі, што мы разам, мы не сябруем супраць кагосьці. Мы ж не збіраемся заўтра супраць Еўразвязу ні эканамічна, ні дыпламатычна, ні ў ваенных адносінах ваяваць. У нас усяго хапае – у Расеі і Беларусі. Дай бог, пабольш людзей. Нам трэба ўладкаваць свае землі. Галоўнае, каб нам не перашкаджалі».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Нікіцін упершыню наведвае Беларусь. «Такі візіт – добрая магчымасць пазнаёміцца з нашай краінай. Ацаніць яе эканамічны і вытворчы патэнцыял», – сказаў Лукашэнка.

Ён прапанаваў па-новаму паглядзець на перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і пашырыць кааперацыйныя сувязі з Беларуссю.

БелаПАН