Макей катэгарычна супраць знішчэння помнікаў мінулага ў Беларусі



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей катэгарычна супраць знішчэння якіх бы там ні было помнікаў Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю БелаПАН, tut.by, nn.by, беларускай службе „Радыё Свабода” і „Еўрапейскаму радыё для Беларусі”.

„Я катэгарычна супраць разбурэння якіх-небудзь помнікаў, — сказаў Макей. — Камень не вінаваты ў тым, што ён стаіць. Я не магу зразумець, чаму ў некаторых краінах руйнуюць помнікі, звязаныя з гістарычным мінулым — сацыялістычным, савецкім ці больш далёкім. Гэта помнік. Наадварот, трэба паказаць нашым нашчадкам, што было калісьці, што мы захавалі гэта. Хай яны больш ведаюць пра гэта”.

На рэпліку, што часта з помнікамі могуць быць звязаныя крывавыя злачынствы, Макей адказаў: „Гэта частка гісторыі. Праводзячы экскурсіі, расказваючы пра помнікі, трэба казаць, што з гэтым звязанае злачынства, а з тым — светлае мінулае ці будучыня”. „Людзі павінны мець аб’ектыўную інфармацыю адносна тых ці іншых помнікаў, тых ці іншых імёнаў, гэта маё асабістае меркаванне”, — лічыць кіраўнік МЗС.

Што да перайменавання вуліц, то, паводле слоў Макея, „трэба паглядзець”. Было б добра, лічыць ён, калі б вуліцы былі названыя імёнамі людзей, якія „зрабілі ўнёсак у развіццё менавіта Беларусі, беларускай дзяржавы”. „Я не бачу ў гэтым вялікай праблемы. Думаю, што калі будуць адпаведныя прапановы, то гарадскі камітэт заўсёды можа разгледзець”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Журналісты прапанавалі Макею папрасіць ва ўладаў Мінска назваць адну з вуліц імем Васіля Быкава, бо міністру не адмовяць, а звароты грамадзян пераважна застаюцца без увагі.

„Паступова, я думаю, усё можа быць зробленае. Не трэба спяшацца, імкнуцца адначасова змяніць усё. Я лічу, што маленькімі крокамі можна дасягнуць большага”, — сказаў у адказ кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

belapan.by