Макей: Трэба развіваць эканоміку і умацоўваць суверэнітэт



Трэба імкнуцца развіваць эканоміку, умацоўваць суверэнітэт і незалежнасць дзяржавы — і нацыянальная ідэя выкрышталізуецца сама. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв’ю БелаПАН, tut.by, nn.by, беларускай службе „Радыё Свабода” і „Еўрапейскаму радыё для Беларусі”.

„Але на цяперашнім этапе (гэта маё асабістае меркаванне) мы не здольныя гэта зрабіць, таму што мы не ведаем, дзе мы апынемся праз некаторы час. Трэба спачатку адназначна зразумець, куды мы імкнемся. Хто мы ёсць і дзе мы знаходзімся — мы гэта ведаем. Але куды мы ідзем?” — сказаў ён.

На пытанне, ці не здаецца яму дзіўным, што за чвэрць стагоддзя Беларусь не зразумела, куды яна ідзе, Макей адказаў: „25 гадоў — гэта вельмі кароткі тэрмін”.

Гаворачы аб незалежнасці ў гэтым кантэксце, міністр выказаў свой асабісты пункт гледжання, згодна з якім для пераважнай большасці людзей незалежнасць — гэта пакуль яшчэ „нейкае эфемернае паняцце”. „Прыблізна 30 гадоў таму, — адзначыў Макей, — незалежнасць звалілася на нас нечакана”. У адрозненне ад народаў краін Балтыі, якія „змагаліся за незалежнасць”, знаходзячыся ў складзе СССР, „ніколі не лічылі сябе яго часткай, а лічылі сябе незалежнымі краінамі” і ў выніку „першымі сышлі”, дадаў кіраўнік МЗС.

„Мы адрозніваемся і ад украінцаў, у якіх паняцце незалежнасці, напэўна, больш моцна развітае. Яшчэ раз падкрэсліваю, што гэта мой асабісты пункт гледжання”, — сказаў Макей.

„Калі яна нечакана звалілася на нас пасля развалу Савецкага Саюза, мы нават не ведалі, што з ёй рабіць, — мяркуе Макей. — Гэта цяпер, калі ўжо пажылі ў незалежнай дзяржаве (хоць 30 гадоў для гісторыі — гэта імгненне, секунда), мы трошкі разумеем, што гэта значыць. Але не разумеем, што за гэта кожны павінен заплаціць пэўную цану, павінен працаваць не пакладаючы рук, каб умацоўваць і развіваць гэтую незалежнасць”.

„Таму, я думаю, трэба спакойна глядзець на гэта. Як кажа прэзідэнт, ісці ад жыцця і адштурхоўвацца ад нашых рэалій. Імкнуцца спачатку ўмацаваць дзяржаву, грамадства. Прыйдзе рана ці позна і разуменне таго, што мы павінны зрабіць для незалежнасці, дзе мы апынемся і куды мы павінны прыйсці ў выніку, і разуменне шэрагу іншых момантаў, звязаных з тым, якой павінна быць сапраўдная дэмакратыя, пра што кажуць нашы еўрапейскія партнёры”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

belapan.by