БАЖ: Вінаватых у правакацыях у справе Андрэя Павука міліцыя не шукае
Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева наконт блогера Андрэя Павука. За апошнія паўгода ў дачыненні да Павука невядомыя асобы здзейснілі шэраг правакацыяў. Вінаватых так і не знайшлі.
Блогер Андрэй Павук распавёў пра ціск на яго:
– Спачатку быццам бы з маёй электроннай паштовай скрыні было дасланае паведамленне ў абласны МЧС пра мінаванне Акцябрскага райвыканкама. Мяне затрымалі. Тэхніку маю забралі. Праз тыдзень яшчэ нейкі невядомы патэлефанаваў у Акцябрскі РАУС ад майго імя і сказаў, што я забіў сваю жонку.
БАЖ просіць міністра ўнутраных справаў узяць на асабісты кантроль правядзенне праверак па факце правакацый да Андрэя Павука. Намеснік старшыні БАЖ і юрыст Алег Агееў адзначае, што вінаватых у правакацыях у дачыненні да Павука міліцыя не шукае.
– Двойчы ўжо замінаванні адбываліся. Тых, хто гэта робіць, міліцыя не шукае. Тыя пагрозы, якія Андрэй атрымаў за дзень да суда, зламысніка, які накіроўваў яму гэтыя пагрозы, міліцыя не шукае. І чацвёрты выпадак, калі ад імя Андрэя быў накіраваны зварот у органы ўнутраных спраў, дзе гаворка ішла пра забойства. Менавіта пошук гэтага, ці аднаго жартаўніка, можна так яго назваць, ці некалькіх людзей, – вось гэта павінна стаць мэтай дзейнасці міліцыі.
У звароце БАЖ заклікае таксама даць указанні супрацоўнікам тэрытарыяльных органаў унутраных справаў распачаць эфектыўныя меры па правядзенні праверак.
Беларускае Радыё Рацыя