БАЖ пералічыць сваіх сябраў



Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама праводзіць перапіс. Там вырашылі падлічыць сябраў арганізацыі. У наступным годзе БАЖ адзначае сваё 25-годзе.

Задача перапісу не толькі палягае ў тым, каб зразумець колькі ў арганізацыі сапраўды актыўных сябраў, але і больш даведацца пра інтарэсы асобаў, з якіх складаецца журналісцкая арганізацыя, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

– Каб тыя, хто зацікаўлены ў арганізацыі, яшчэ раз пацвердзілі і мелі як мага больш магчымасцяў для таго, каб свае зацікаўленасці рэалізаваць. БАЖу ў наступным годзе будзе 25 гадоў. Дата сур’ёзная. Калі БАЖ арганізоўваўся, яго заснавальнікамі былі 37 сябраў. Зараз у нас 1300. Але ж мы ведаем, што хтосьці ўжо сышоў з журналістыкі наогул, хтосьці ўжо адышоў па ўзросце, магчыма ў кагосьці ёсць пэўныя пытанні да арганізацыі.

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. БАЖ дзейнічае з восені 1995 года.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя