Гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка згадалі ў Беластоку



У цёплай, сяброўскай атмасферы прайшла прэзентацыя найноўшай кнігі гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка «Захлынуцца апантанасцю жыцця» ў беластоцкай краме Sljedzik.

У 2013 годзе адбылася трагедыя – Юры выпаў з дзявятага паверху жылога дому. Прычына гэтай смерці па-ранейшаму застаецца таямніцай.

Прафесар, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава згадвала Гуменюка як надзвычай арыгінальнага творцу.

– Ён на столькі быў смелы. І думаю, нават не толькі тамушто яго ніхто не цэнзураваў. Справа ў іншым. Гэта была ўнутраная раскаванасць. Абсалютная. Для яго не было нейкіх забаронаў. Менавіта быў пратэст супраць усіх межаў, шораў – усяго, чаго хочаш. І ў асабістым жыцці, і ў апрананні, і ў вершах. Шкада, што вось гэты накірунак ва ўмовах сучаснай Беларусі, гэты андэграўнд, не мае працягу, няма куды яму развівацца.

Прафесар, доктар гістарычных навук Алег Латышонак адзначыў, што паэта Юрыя Гуменюка нарадзіў таксама адраджэнскі ўздым пачатку 90-х гадоў.

– Можа гэта і час быў такі, што беларусы хаця б крыху сталі свабоднымі. Я тое бачыў, як разняволіліся людзі, як гэта адбывалася. Як было фантастычна. І нават на фоне гэтага ўсяго ён яшчэ і вылучаўся.

«Захлынуцца апантанасцю жыцця» – трэцяя кніга, якую сябры паэта выдалі пасля яго смерці. Яна аб’яднала журналісцкія матэрыялы – рэпартажы, інтэрв’ю, артыкулы і карэспандэнцыі.

Цалкам матэрыял:

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя