Джокер
Паглядзелі фільм „Джокер” у Воршы ў кінатэатры „Победа”.
Больш за фільм уразілі папярэджанні перад паказам.
Першае – пра забарону фота, аўдыё і відэаздымкаў „в рамках российского законодательства”.
Другое – пра тое, што ў фільме ёсць небяспечныя „сцены курения”.
Дакладна: свет звар’яцеў!
Прыходзіш у кіназалу з мяккімі плюшавымі фатэлямі, святло выключаецца, па экране плывуць надпісы пра Расею і пра жахлівы выгляд чалавека з цыгарэтай.
Што можна падумаць?
Па-першае, што мы ўжо ў Расеі.
А па-другое, што сцэны курэння – страшней за сцэны псіхалагічнага і фізічнага гвалту і горш за забойствы.
І добры сябра распавёў у працяг:
„Аднойчы непадалёк ад мяне ў кінатэатры сядзела кампанія і рабіла фоткі. Без бліскавіцы, так што нікому не заміналі. Адзін чалавек у кампаніі кажа: Напісана ж, фоткаць нельга. Той, хто фоткае: гэта ж у РФ, а мы ў Беларусі, так што мне по+уй на іх. Вось так. А ўвогуле гэта яскравы знак – трэба агучваць фільмы ў Беларусі. І на беларускай нашай мове. Хочаш усе фільмы па-расейску глядзець – інтэрнэт у тэлефоне, кінатэатры Пярмі, Масквы, Хабараўска заўсёды адчыненыя, купіць квіткі туды-назад можна на сайце rw.by альбо ў касе”.
Абурацца – дарэмная справа.
У Маскве ў кінатэатры „Салавей” фільм „Джокер” завяршыўся пад апладысменты публікі.
А для тых, хто не бачыў, фінал такі – галоўны герой сыходзіць па калідоры псіхіятрычнай лякарні, пакідаючы за сабой крывавыя сляды на белай падлозе.