“Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч”



З 24 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працаваць Міжнародны выставачны праект “Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч” з прыватных збораў Францыі і калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе споўніцца 115 гадоў з дня нараджэння нашай знакамітай суайчынніцы, вядомай мастачкі і легендарнай асобы Надзеі Пятроўны Хадасевіч-Лежэ (1904–1982), чыя роля ў мастацтве ХХ стагоддзя і культурных узаемаадносінах у эпоху “жалезнай заслоны” неацэнная. Будучы своеасаблівым, рознабакова накіраваным (станковы жывапіс, графіка, мазаіка), з яркім індывідуальным почыркам мастаком, Надзея Хадасевіч-Лежэ каласальную ўвагу надавала пытанням папулярызацыі творчай спадчыны аднаго з найбуйнейшых мастакоў Францыі першай паловы ХХ стагоддзя Фернана Лежэ (1881–1955), выступала ініцыятарам і арганізатарам выстаў савецкіх мастакоў у Францыі, аказвала падтрымку суайчыннікам. Наведаўшы ў 1960-я – пачатку 1970-х гадоў Савецкі Саюз і Беларусь, у прыватнасці, Надзея Хадасевіч-Лежэ зрабіла шэраг найкаштоўнейшых падарункаў расійскім і беларускім музеям. У 1967–1968 гадах у якасці неацэннага дару Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь атрымаў цудоўныя факсімільныя рэпрадукцыі карцін вядомых еўрапейскіх майстроў (360 прадметаў), а ў 1973 годзе – унікальную калекцыю злепкаў скульптур і рэльефаў (173 экспанаты), якія сталі “класікай” мастацтва, а таксама кераміку Пабла Пікаса. Пазней Надзея Хадасевіч-Лежэ паднесла ў дар музею шэраг сваіх графічных твораў і работ Фернана Лежэ.

Міжнародны выставачны праект “Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч” закліканы стаць маштабнай культурнай падзеяй і пазнаёміць беларускага гледача як з творчасцю вядомай мастачкі, так і з яе падзвіжніцкай дзейнасцю ў сферы папулярызацыі сусветнага мастацтва. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 50 твораў (жывапіс, гуашы, малюнкі, літаграфіі і шаўкаграфіі) з французскіх прыватных збораў, у тым ліку спадчыннікаў мастачкі, і з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Экспанаты дазволяць рознабакова прадставіць творчасць Надзеі Хадасевіч, расказаць пра яе розныя стылістычныя этапы і жанравую разнастайнасць, а таксама прадэманстраваць грамадзянскую пазіцыю мастачкі. Частку экспазіцыі складуць творы Фернана Лежэ і Пабла Пікаса, падораныя музею Надзеяй Пятроўнай Хадасевіч-Лежэ.

Працягваючы шматгадовую традыцыю партнёрства, Міжнародны выставачны праект “Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч” падтрымлівае Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Міжнародны выставачны праект “Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч” прыватных збораў Францыі і калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца да 24 лістапада 2019 года.

budzma.by