Ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый няма ў 26 са 110 акруг
У дзвюх акругах за дэпутацкія мандаты будуць змагацца па чатыры кандыдаты ад апазіцыйных партый, у 16 — па тры, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных аб зарэгістраваных прэтэндэнтах на сайце ЦВК.
У менскай Заходняй акрузе № 102 месца ў Палаце прадстаўнікоў аспрэчваюць член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валерый Бычкоўскі (кіроўца ТАА „Трансскаут”), член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Павел Драгілеў (рамеснік), член Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Мікалай Жанеўскі (дырэктар ТАА „Магірус імпарт”) і член Партыі БНФ Васіль Астроўскі (індывідуальны прадпрымальнік, старшыня Мінскай абласной арганізацыі абароны спажыўцоў).
Усяго ў акрузе сем кандыдатаў. Акрамя названых гэта член Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якая называе сябе апазіцыйнай, Андрэй Радзівонаў (намеснік начальніка інавацыйна-тэхнічнага цэнтра БДУІР), член Камуністычнай партыі Юрый Круглік (дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі) і беспартыйная Марына Лянчэўская (начальнік сакратарыята старшыні праўлення „Беларусбанка”).
У Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе № 85 кандыдатамі зарэгістраваныя член БСДГ Міхаіл Варанцоў (беспрацоўны), член Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Аляксандр Ірхо (спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Цэнтра ініцыятыў), член АГП Таццяна Сівачэнка (намеснік дырэктара прадпрыемства „КБ „Прамысловыя тэхналогіі і комплексы”) і член Партыі БНФ Надзея Салаўёва (ІП). Усяго балатуецца восем чалавек. Акрамя пералічаных гэта два члены Кампартыі Людміла Здорыкава (дырэктар СШ № 27) і Людміла Ільінская (дырэктар Магілёўскага гандлёвага каледжа), член ЛДП Іван Бяляеў (ІП) і беспартыйны Сяргей Тышкавец (дырэктар Школы здароўя).
Па тры кандыдаты ад партыйнай апазіцыі будуць змагацца за мандаты ў 16 акругах (у тым ліку ў васьмі сталічных), па два — у 31, па адным — у 35. Ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый няма ў 26 са 110 акруг (24%). У Менскай вобласці такіх акруг восем (з 17), у Гомельскай — шэсць (з 17), Віцебскай — пяць (з 14), Берасцейскай — тры (з 16), Гарадзенскай — дзве (з 13), Магілёўскай — таксама дзве (з 13). Апазіцыйныя партыі прадстаўлены ва ўсіх 20 мінскіх акругах.
Усяго ЦВК зарэгістравала 560 кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам, канкурэнцыя на адно месца складае пяць чалавек. Найбольшая — дзевяць — у Бабруйскай-Ленінскай акрузе № 78, найменшая — два — у Бабруйскай сельскай № 80. Там абодва кандыдаты беспартыйныя (галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы і дырэктар Бабруйскага лясгаса).
Па тры чалавекі зарэгістравана ў 15 акругах, па чатыры — у 23, па пяць — у 29, па шэсць — у 25, па сем — у 11, па восем — у 5. У адной з акруг (Барысаўская сельская № 63), дзе за мандат будуць змагацца тры чалавекі, балатуецца былы міністр інфармацыі, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч.
belapan.by