Як асвятляецца на тэлебачанні тэма беларуска-расейскай інтэграцыі? 



Беларуска-расейская дыскусія пра больш цесную інтэграцыю. Як яна асвятляецца на тэлебачанні? Адмысловы маніторынг на гэту тэму пачынае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец. Летась асвятленне расейска-беларускіх стасункаў таксама даследавалі, і цяпер у адмыслоўцаў будзе магчымасць параўнаць і вызначыць, як растаўляюцца акцэнты, асабліва на фоне ўзмацнення тэмы, кажа Андрэй Бастунец:

– Мы рабілі такі маніторынг у мінулым годзе. І вось будзе магчымасць параўнаць, як за год змянілася стаўленне тэлебачання з акцэнтам зноў такі на тыя тэлеканалы, якія ўваходзяць у абавязковыя пакеты, якія атрымліваюць з гэтага пэўныя прэферэнцыі, прыбыткі. І як беларускія тэлеканалы асвятляюць тэму інтэграцыі, як яны дэманструюць уласны погляд з гледжання беларускай дзяржавы і расейскай.

Маніторынг пачынаецца сёння. Ён ахопіць толькі тэлеканалы, якія уваходзяць у так званы «агульнадаступны пакет». Даследаванне медыяпрасторы – адзін з кірункаў дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў. Неўзабаве, 26 кастрычніка таксама прэзентуюць вынікі першага этапу маніторынгу беларускіх СМІ па тэме „Выбары ў Палату прадстаўнікоў”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя