Прэзідэнт Кубы наведае Беларусь
Прэзідэнт Кубы Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс 22 кастрычніка наведае Беларусь, паведамілі БелаПАН у дыппрадстаўніцтве гэтай краіны ў Менску.
Праграма афіцыйнага візіту не абнародуецца, заявілі ў пасольстве.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адбудзецца сустрэча кубінскага прэзідэнта з Аляксандрам Лукашэнкам.
Як паведамілі ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, 21 кастрычніка, напярэдадні візіту прэзідэнта Кубы, БелГПП наведае віцэ-прэзідэнт кубінскага ўрада Рыкарда Кабрысас Руіс. Падчас сустрэчы са старшынёй БелГПП Уладзімірам Улаховічам, кіраўнікамі вядучых беларускіх прамысловых прадпрыемстваў — генеральным дырэктарам ААТ „БелАЗ” Пятром Пархомчыкам, генеральным дырэктарам ААТ „МАЗ” Валерыем Іванковічам, першым намеснікам генеральнага дырэктара ААТ „МТЗ” Тарасам Мурогам — будуць абмеркаваны перспектывы працы беларускіх кампаній на кубінскім рынку, магчымасці стварэння сумесных беларуска-кубінскіх прадпрыемстваў, механізмы прасоўвання ўзаемнага гандлю і іншыя пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
14 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні Мігелю Марыа Дыяс-Канелю Бермудэсу з абраннем на гэтую пасаду выказаў упэўненасць, што ён „зможа захаваць і прымножыць дасягненні кубінскай дзяржавы, стаць гарантам абароны інтарэсаў народа, будзе паслядоўна адстойваць права краіны на самастойнае развіццё”. „Пацвярджаю, што Беларусь для Кубы з’яўляецца добрым і надзейным сябрам. Разлічваю, што плённае і ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва працягне дынамічна пашырацца”, — падкрэсліў ён.
Нагадаем, Лукашэнка быў на Кубе з афіцыйнымі візітамі двойчы — у 2000 і 2012 гадах. Акрамя таго, у 2006 годзе ён удзельнічаў у саміце Руху недалучэння, які праходзіў на Кубе.
Паводле апошніх звестак Белстата, тавараабарот Беларусі і Кубы ў студзені—жніўні 2019 года склаў 9 млн 585,2 тыс. долараў, што на 23,5% менш, чым за аналагічны леташні перыяд. Экспарт знізіўся на 25,1% да 8 млн 344,2 тыс., імпарт — на 10,6% да 1 млн 241 тыс. долараў. Станоўчае сальда склала 7 млн 103,2 тыс. долараў.