«Гарадзея» абыграла «Энергетык-БДУ» у апошнім матчы тура



Футбалісты „Гарадзеі” абыгралі на сваім полі менскі „Энергетык-БДУ” з лікам 1:0 у апошнім матчы 25-га тура чэмпіянату Беларусі. У гэтай сустрэчы каманды зарабілі 9 жоўтых картак на дваіх.

Арбітр Андрэй Васілевіч абвясціў 5 папярэджанняў гаспадарам і 4 – гасцям. Адзіны гол забіў Арцём Архіпаў, які вызначыўся на 23-й хвіліне гульні. Матчы 26-га тура пройдуць 25-27 кастрычніка. Цэнтральным стане паядынак у Салігорску, дзе 27 кастрычніка „Шахцёр” прыме БАТЭ.

Бакай пяройдзе ў БАТЭ

Паўабаронца салігорскага „Шахцёра” Эліс Бакай з наступнага сезона стане гульцом берасцейскага „Дынама”. Албанец выступае за салігорскі клуб з сакавіка мінулага года, адзначае by.tribuna.com. У чэмпіянаце Беларусі Бакай забіў 9 галоў у 20 матчах і аддаў 9 галявых перадач.

«Мінск» стаў чэмпіёнам за два туры да канца чэмпіяната

Футбалісткі „Мінска” датэрмінова гарантавалі сабе званне чэмпіёнак краіны, разграміўшы суперніц з магілёўскай „Надзеі – СДЮШАР №7” з лікам 8:0. Свой бамбардзірскі рахунак у матчы з суперніцамі з Магілёва паправілі: Анастасія Папова, Юлія Дубень, Валерыя Белая, Паліна Шаціленя. Галявыя дублі на рахунку Вікторыі Ціхан і Анастасіі Шупо.

За два туры да канца турніру падначаленыя Уладзіміра Рэвы сталі недасягальныя для пераследніц са сталічнай „Зоркi-БДУ” і гарадзенскага „Нёмана”, набраўшы 54 ачкі з 54 магчымых. За 18 тураў чэмпіянату каманда „Мінск” прапусціла ўсяго тры мячы, забіла ў браму канкурэнтак 139 галоў.

Захараў патлумачыў выклік у зборную хакеістаў экстралігі

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў распавёў пра матывы выкліку хакеістаў на лістападаўскі збор напярэдадні міжнароднага турніру ў Ліепаі. „На гэтым этапе зрабілі акцэнт на хакеістах, якія прадстаўляюць клубы экстралігі. Гэта звязана з тым, што многія з іх з’яўляюцца рэальнымі кандыдатамі на паездку на чэмпіянат свету, які пройдзе ў 2020 годзе ў Швейцарыі. Мінулае сусветнае першынства паказала, што аснову зборнай склалі менавіта гульцы беларускіх клубаў”, – падзяліўся настаўнік зборнай. Кажучы пра прычыны камплектавання каманды хакеістамі з экстралігі, Міхаіл Захараў патлумачыў, што выбіраць асабліва няма з каго. Прадстаўнікі КХЛ на той момант будуць задзейнічаны ў матчах за свае дружыны.

Іваноў заняў 5-е месца на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы

Беларускі спартовец Дзмітрый Іваноў у вагавай катэгорыі 67 кг заняў пятае месца на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць  у Бухарэсце. У двубор’і беларус паказаў вынік 290 кг (129 у рыўку плюс 161 у штуршку). Беларус Генадзь Лапцеў у вазе 67 кг на маладзёжным кантынентальным форуме выступіць сёння. Раней яго партнёрка па камандзе Людміла Псышчаніца паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў двубор’і.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ФК „Гарадзея”