Павел Севярынец: Мова – гэта пытанне жыцця і смерці беларускай дзяржавы
У Беларусі на дадзеным этапе шмат спраў лёсавызначальнага характара. Гэта перапіс насельніцтва, выбары ў Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, захаванне Курапатаў, падпісанне пагаднення з Расеяй за спінамі беларусаў і іншае, кажа сустаршыня партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
– 8 снежня плануецца падпісанне нейкіх інтэграцыйных дамоў, пра якія мы нічога не ведаем. Беларусы за тое, каб жыць у незалежнай дзяржаве. Усё робіцца за іх спінамі. І таму – Курапаты, ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага, масавыя акцыі, якія адбываюцца, альбо ігнор ці байкот тых выбараў, альбо ўдзел у выбарах з боку альтэрнатывы, – гэта ўсё ёсць адказ беларускага народа. Я ўспрымаю гэта так. Беларусы павінны гучна сказаць на ўсіх гэтых этапах, на ўсіх гэтых акцыях: мы – за незалежнасць.
РР: Вы ўдзельнічалі ў электронным перапісе насельніцтва?
Павел Севярынец: Не ўдзельнічаў. Чакаю, пакуль прыйдуць. Хачу паглядзець у вочы тым людзям, якія перапісваюць. Можа ўдасца кагосьці з іх пераканаць. Таму што для мяне гэта спосаб размаўляць з чалавекам.
РР: Што Вы параіце тым людзям, якія размаўляюць на рускай мове і не ведаюць, што гаварыць пра родную мову?
Павел Севярынец: У беларусаў родная мова – беларуская. Спроба паказаць рускую мову асноўнай рабілася ўвесь час, пакуль кіруе Лукашэнка. Але беларусам адмаўляцца ад сваёй роднай мовы нельга. Я сам першай пачуў расейскую мову, але словы “ма” і “па”, я выбачаюся, але былі сказаныя па-беларуску, бо гены „пальцам не раздушыш”, як той казаў. Я са спакойным сэрцам магу адказаць – родная мова беларуская, засвоеная першай у дзяцінстве. Размаўляем дома па-беларуску з маёй Волечкай, з нашым маленькім Францішкам.
РР: Якія могуць быць наступствы, калі большасць беларусаў, або значная колькасць, нягледзячы на тое, што ў нас пражывае ўсяго толькі 8% рускіх, назавуць роднай мовай рускую?
Павел Севярынец: Калі беларусы назавуць роднай мовай рускую і скажуць, што яны размаўляюць па-руску дома, натуральнае пытанне – а чаму б вам не далучыцца да Расеі? То бок, гэта наступны крок тых, хто сфальсіфікаваў пытанні да гэтага перапісу. І таму кожны беларус, які адказвае – руская, павінен быць гатовы, што наступным крокам будзе знішчэнне незалежнасці ягонай краіны. Ягоныя дзеці паедуць ваяваць у Сірыю, альбо Лівію, у яго забяруць ягоны бізнэс, альбо пазбавяць працоўнага месца, і ў рэшце рэшт суды будуць заканчвацца турмой дзе-небудзь у Сібіры ці Магадане. Гэта тое, што мы ўжо праходзілі з Расеяй. Таму я заклікаю беларусаў адказваць – беларуская і пачынаць размаўляць па-беларуску самім. Там, дзе не было ўкраінскай мовы на Данбасе – акупавана. Там, дзе было 12% украінскай мовы ў школах і сярод насельніцтва – там зараз Украіна. Паглядзіце, калі ласка, на Данбас. Гэта не жарцікі. І мова – гэта не проста прыдумкі. Гэта пытанне жыцця і смерці беларускай дзяржавы і беларускай нацыі! Расея – гэта вайна і галеча.
РР: Што рабіць, калі Лукашэнка ўсё ж такі падпіша гэтае пагадненне па фактычнай здачы Беларусі?
Павел Севярынец: Калі Лукашэнка будзе падпісваць сур’ёзныя паперы, трэба ўсім масава выходзіць на плошчу, патрэбны масавы пратэст, як гэта было ў 1996 годзе.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя